Інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова «Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» — такую назву носіць цяпер арганізацыя з 11-цігадовай гісторыяй. Пасведчанне аб рэгістрацыі сябры арганізацыі атрымалі 23 верасня.

«Дзедзіч», заснаваны ў лістападзе 1999г. студэнтамі Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта, большую частку свайго існавання не меў фармальнага статусу. Зарэгістраваны Упраўленнем юстыцыі ў 2002-м годзе, ужо ў 2006-м за актыўную грамадзянскую пазіцыю сябраў арганізацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў ён быў ліквідаваны па рашэнні суда. Папярэдняя спроба аднавіць легальны статус была зробленая ў верасні мінулага году. Але тады Упраўленне юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі па фармальных прычынах.

Негледзячы на гэта, арганізацыя працягвала дзейнасць і нават адкрыла за гэты час шэраг новых праграм для моладзі.

Сёння «Дзедзіч» мае моладзевае інфармацыйнае агенцтва, якое займаецца выданнем газет («Юбілейка», «Купалінка», «Брэст-праўда» і «Дзедзіч»), культурна-асветніцкіх улётак і буклетаў, папулярызуе ў інтэрнэце беларускую культуру, мову, а таксама дзейнасць грамадскіх арганізацый. Сябры арганізацыі рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных моладзевых абменах са шматлікімі краінамі Еўропы. «Дзедзіч» з’яўляецца сябрам міжнароднай моладзевай асацыяцыі грамадскіх арганізацый «Youth4Media». Экалагічны сектар «Дзедзіча» паспяхова ладзіць штогадовыя моладзевыя эка-летнікі і вандроўкі, праводзіць акцыі па ачыстцы Мухаўца і папулярызацыі здаровага ладу жыцця. А ў вёсцы Залессе Камянецкага раёна «Дзедзіч» будуе Еўрапейскі дом сустрэч, у якім будуць праходзіць адукацыйныя, культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы для моладзі Беларусі і іншых краін Еўропы.

Па словах Дзмітрыя Шыманскага, дырэктара новастворанага Агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», рэгістрацыя арганізацыі дазволіць значна пашырыць пералік яго праграм:

— У 2005г. мы працавалі над Стратэгіяй рэгіянальнага развіцця Берасця, да стварэння якой прыцягнулі цэлы шэраг вядомых навукоўцаў і спецыялістаў розных галін. Вынікам іх працы стала кніга, якая атрымала станоўчыя водгукі беларускіх і замежных экспертаў. На жаль, у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі праца над гэтым праектам перапынілася. Цяпер у нашых планах далейшае ўдасканальванне Стратэгіі развіцця Берасця з улікам усіх атрыманых за гэтыя гады заўваг. Плануем таксама стварыць Атлас інвестыцыйнай прывабнасці Берасцейшчыны, які будзе арыентаваны на замежных інвестараў і будзе распаўсюджвацца праз консульскія ўстановы і прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой. У наступным годзе адкрываем праграму па папулярызацыі агратурызму на Берасцейшчыне — як сярод грамадзян Беларусі, так і сярод жыхароў суседніх краін.

Для фінансавання сваёй дзейнасці арганізацыя плануе выкарыстоўваць спонсарскую дапамогу беларускіх кампаній малога і сярэдняга бізнэса. Па словах Дзмітрыя Шыманскага, атрыманне легальнага статусу дазволіць «Дзедзічу» больш эфектыўна працаваць з беларускімі спонсарамі:

— На сёння цэлы шэраг берасцейскіх фірм выказаў зацікаўленасць у падтрымцы некаторых нашых праграм. Мы плануем наладзіць сталыя партнёрскія адносіны з тымі камерцыйнымі арганізацыямі, якія ў сваёй дзейнасці карыстаюцца прынцыпамі сацыяльнай адказнасці бізнэса, — адзначыў сп. Шыманскі.

Пасведчанне аб рэгістрацыі Агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч"

Пасведчанне аб рэгістрацыі Агенцтва рэгіянальнага развіцця "Дзедзіч"

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

  1. Дзмітрый Шыманскі
    Ответить

    То: Анюта
    Пачытайце, калі ласка, Грамадзянскі кодэкс РБ.
    Установа — некамерцыйная арганізацыя.
    Але крупінка ісціны ў вашых словах ёсць. Справа ў тым, што ўстанова ствараецца адным заснавальнікам, а не так, як у выпадку з грамадскай арганізацыяй, групай аднадумцаў. І з гэтай прычыны я заўсёды выступаў супраць падмены рэгістрацыйных формfo. Хоць установу зарэгістраваць на парадак прасцей, чым ГА.
    Я лічыў гэта свайго роду падманам — як жа так, мы ж арганізацыя, нас жа шмат, а вы прапануеце нам зарэгістраваць установу, дзе толькі адзін чалавек уплывае на палітыку і стратэгію дзейнасці.
    А пасля пачуў такі аргумент — а якая, нафіг, розніца, калі ёсць неабходнасць дзейнічаць легальна. І хто там будзе капацца ва ўстаноўчых дакументах, калі галоўнае — сам факт іх наяўнасці.
    А сябры арганізацыі ўсё зразумеюць, галоўнае не мяняць стратэгіі выпрацоўкі і прыняцця рашэнняў.
    Таму мы так і зрабілі. Ці слушна — пакажа час. Але ж гэта — некамерцыйная ўстанова, Анюта!

    Thumb up 0 Thumb down 0

  2. Анюта
    Ответить

    To Dz. Szymanski: Kali gramadskaja arganizacyja pracuje nielegalna — josc kudy ciagnucca i czago dabiwacca — relegalizacyi. Kali z utworana nawat NIEKAMERCYJNAJA ustanowa — jana budze padparadkouwacca tym statutowym patrabawanniam, jakia byli zaakceptawanyja pry registracyi. A tam, jak ja dumaju, niama miesca wybaram. Moza ja pamyliajusia?
    Praszu nadrukawac STATUT.

    Thumb up 0 Thumb down 0

  3. Дзмітрый Шыманскі
    Ответить

    То: Анюта
    Выбар ёсць заўсёды. Але я паўтаруся, што цалкам згодны з Вамі: установа — гэта не грамадская арганізацыя.
    А тое, як ставіцца да гэтага факта, залежыць ад мэты арганізацыі.
    Некаторыя НДА любяць (і бачаць у гэтым асноўны сэнс дзейнасці) усё жыццё «ciagnucca i dabiwacca relegalizacyi», нават не ведаючы, навошта ім той легальны статус і што з ім рабіць 🙂 «І вновь продолжается бой!!!» 🙂
    Іншыя ў сваёй дзейнасці сутыкаюцца з тым, што бачаць больш магчымасцяў для развіцця арганізацыі ў легальнай дзейнасці.
    І я лічу, што трэба з павагай ставіцца да рашэння арганізацыі выбіраць свой шлях. Адзін з гэтых двух, ці нейкі іншы. Наша з Вамі дыскусія мела б больш сэнсу, калі б Вы былі сябрам Дзедзіча і яшчэ не было прынята рашэнне рэгістраваць установу. Тады б Вы ўдзельнічалі ў працэсе прыняцця таго ці іншага рашэння. А так мне застаецца толькі падзякаваць Вам за Ваша меркаванне.

    Thumb up 0 Thumb down 0

Дадаць каментарый