Пры нагодзе юбілею 10-цігоддзя існавання Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org мяняецца яе вонкавы выгляд – мяняюцца фірмовыя знакі і лагатыпы.

Гэта аднак зусім не абазначае, што Kamunikat.org стане іншым – характар бібліятэкі ды асноўныя яе вартасці застаюцца тыя ж, а нават скажам больш – вартасцяў гэтых прыбудзе. Адначасова са зменай вонкавага выгляду будуць дададзеныя пэўныя магчымасці і ў саму сістэму, стане яна нашмат багацейшай, і – што найважнейшае – нашмат зручнейшай у карыстанні. Кожны наведнік бібліятэкі без найменшага клопату адшукае ўсё, што захоча. Напрыклад, не толькі кнігу патрэбнага аўтара, але і асобны яго артыкул, які схаваўся ў таўшчэзным зборніку, альбо часопісе.

Апрача кнігаў на паліцы бібліятэкі штораз часцей трапляюць гукавыя запісы і відэафайлы. Тут знойдзеце і архіўныя запісы галасоў тых, каго ўжо няма з намі, і расповеды пра літаратуру, творчасць і жыццё тых, хто плённа працуе на ніве Беларушчыны.

Кожны аўтар, кнігі якога трапляюць на віртуальныя паліцы Kamunikat.org, мае магчымасць атрымаць сваю персанальную старонку, якая аўтаматычна можа быць таксама яго блогам. Тут наўпрост можна выказаць аўтару усё, што Вам падабаецца ці не падабаецца ў ягоных творах. Тут крытыкам можа быць кожны.

Свае старонкі-блогі маюць таксама выдавецтвы і выдавецкія серыі. І ў гэтым месцы можна выказваць свае прапановы, задаваць пытанні ды патрабаваць, каб выдавецтва перавыдала, напрыклад, нашу любімую кнігу, якую мы чыталі ў дзяцінстве, а апошні папяровы экзэмпляр даўно зжэрлі пацукі. Іншае пытанне – ці выдаўцы і выдавецтвы да нашых прапановаў і патрабаванняў прыслухаюцца? Але ж як да іх інакш дагрукацца, як не праз Kamunikat.org?

Сёння нармальнаму чалавеку каб арыентавацца на выдавецкім рынку трэба быць беспрацоўным вандроўнікам па кнігарнях, а і так усё адсачыць не зможам, таму ўвесь час будзе пашырацца раздзел “Што новага”. Трапіць там не толькі інфармацыя пра тое, што ўжо выдадзена, але і пра тое, што яшчэ толькі рыхтуецца да друку, што марыцца выдаўцу, ці сніцца па начах нейкаму аўтару. Мы хочам, каб Вы, нашы шаноўныя чытачы, былі вялікі крок (а, можа, і некалькі вялікіх крокаў) наперад ў кожнай справе.

Што новага яшчэ? Шмат! 🙂 Проста заходзьце на kamunikat.org і ўсё пабачыце, усё знойдзеце, з усім пазнаёміцеся, і – спадзямся – застанецеся з намі, і як чытачы, і як аўтары, а ўжо напэўна, як крытыкі (самой бібліятэкі таксама).

Запрашаем!

[supsystic-social-sharing id="1"]