Наведаўшы па асабістых справах сайт Берасцейскага гарвыканкама, знайшоў на ім цікавы дакумент: пералік сядзібных дамоў павышанай камфортнасці. Гаворка ідзе пра дамы, агульная плошча якіх перавышае 200 м.кв.

Такіх у Берасці набралася 1262. Пераважная большасць з іх адносіцца да дамоў, якія ў Еўропе прынята называць дамамі сярэдняга класа — іх плошча ад 200 да 300 м.кв. У спісе іх 1120. Але ж ёсць і сапраўдныя палацы, паглядзець на якія не адмовіўся б ніводзін берасцеец. Дамоў з плошчай больш за 400 м.кв. у Берасці 33. Для параўнання — стандартная двухпакаёвая кватэра ў спальным мікрараёне мае плошчу 50-60 м.кв.

Рэкардсменам жа сярод берасцейскіх дамоў-палацаў стаў дом плошчай 721 м.кв., які знаходзіцца на вул. К. Цэткін, 1. І тут пераходзім да пытання, як гэты дакумент могуць выкарыстаць дамушнікі.

Справа ў тым, што ўсе дамы павышанай камфортнасці пералічаны ў дакуменце з пазначэннем адраса месцазнаходжання! Цяпер любому вору-дамушніку ў свеце, які валодае расейскай мовай, дзе б ён ні знаходзіўся, дастаткова зайсці на сайт Берасцейскага гарвыканкама, каб адшукаць сабе пару-тройку варыянтаў на берасцейскія крымінальныя гастролі.

Атрымліваецца своеасаблівая папулярызацыя турызму па-берасцейску 🙂

[supsystic-social-sharing id="1"]