Партал беларускамоўнай музыкі «Тузін Гітоў» разам са сваімі слухачамі пачынае выбіраць найлепшую песню 2010 г. Экспертная рада, што сёлета складалася з тэлепрадусараў, ужо ўфармавалі шорт-ліст. Спіс досыць доўгі, бо змяшчае ажно 48 песні.

Цяпер, пасля экспертаў, за справу возмуцца слухачы: з 2-га жніўня шляхам галасавання на сайце «Тузіна» яны будуць адкідваць па адной ці па тры песні. Дванаццатка найлепшых песень складзе выніковы «залаты» тузін году. Калі застаецца 12 песень — галасы абнуляццца і галасаваньне працягнецца да 26 жніўня, ажно пакуль у чарце не застанецца адна-адзіна — Песня Году на «Тузіне».

Хто сярод прэтэндэнтаў на найлепшую песню? Няўдачнікі «Еўрабачання» гурт «3+2» з песняй «Анёлы», N.R.M. з нашумелай «Палітыкай-паралітыкай», Юры Дземідовіч, які cёлета перапяяў па-беларуску свой (а)культавы хіт «Чароўны трусік», а таксама дуэт Вольскага з Памідоравым, які выканаў рэп на словы Багушэвіча «Немец». Поўны спіс глядзіце ніжэй.

«У нас па-ранейшаму мала беларускамоўнай поп-музыкі, а якаснай поп-музыкі — пагатоў, — кажа адзін заснавальнікаў партала «Тузін Гітоў« Сяргей Будкін. — Поп-выканаўцы ж плывуць па вадзе і не схільныя да эксперыментаў, таму калі мы хочам атрымаць вынік — якасную беларускамоўную поп-музыку, — трэба з тымі музыкамі працаваць і ўсяляк заахвочваць спяваць па-беларуску».

Такім чынам, якая беларускамоўная песьня стане найлепшай сёлета будзе залежыць толькі ад

паспалітага слухача. Заходзім на «Тузін Гітоў» і галасуем за сваіх.

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]