Ровар — гэта не толькі сродак перасоўвання, гэта стыль жыцця. Вольнае паветра, добрая размінка і суцэльная эканомія — часу адносна пешаходаў, грошаў на паліва адносна аўтамабілістаў. Але тым, хто ў нашай сінявокай вырашыў спрычыніцца да клубу велааматараў даводзіцца не проста. І прычынаў тут некалькі: адсутнасць прымальнай інфраструктуры, небяспека на дарогах і аўта-пешаходнае хамства.

Сеўшы на ровар адразу заўважаеш, што ездзіць насамрэч няма дзе. Тратуар непрыстасаваны для ровараў. Іх стан нясе карыстальніку дадзенага транспартнага сродку не толькі непрыемнае адчуванне ў пэўнай частцы нашага любімага цела, але і рызыку разцягнуцца дзесці паміж чарговымі калдобіна-выбаінамі, пакалечыўшы і ўсе астатнія органы аб дарожнае пакрыццё. І нават там, дзе пешаходам дарога здавалася б упарадкаванай, роварыст заўважыць шмат хібаў.

Самае распаўсюджанае і адчувальнае для пятай кропкі роварыста — бардзюры. Згодна СНІПаў і логікі «безбар’ернага асяроддзя» вышыня бардзюраў на скрыжаванні з другаснымі праездамі мусіць быць нулявой вышыні, на пешаходных пераходах не вышэй за 4 см. На новаўладкаваных вуліцах раёна Кавалёва (пр-т Рэспублікі, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Суворава), дзе зроблены роварныя поласы, бардзюры сягаюць 15-ці см. На той жа Кастрычніцкай рэвалюцыі з боку вяслярнага каналу яны сустракаюцца 14 разоў. То бок роварыст мусіць альбо ламаць свой транспартны сродак, альбо, на адлегласці ў пару кіламетраў, злазіць з ровара 14 разоў, што прыраўняе яго хуткасць бадай што да сярэднестатыстычнага пашахода.

Менавіта гэта і прымушае велааматараў з’язджаць на праезжыя часткі дарог, якія і больш дагледжаныя, і больш безбар’ерныя. Але тут за утульнасць таксама даводзіцца плаціць, і часам, вельмі дорага. Па статыстыцы ДАІ за 2008 год у Берасцейскай вобласці адбылося 95 дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам роварыстаў, 21 выпадак меў трагічны вынік.

І тут праблема не столькі з законамі ці правіламі дарожнага руху, колькі з элементарным хамствам на дарогах. Стаўленне да роварыста ў ментальнасці нашага люду, як да ўбогага, што лезе на дарогу і тым замінае паўнавартасным ездакам. Выпадкі неабгрунтаванай агрэсіі даволі частая праява нашай хвалёнай талерантнасці. Прычым яна ў роўнай ступені можа сыходзіць як з боку кіроўцаў, так і з боку пешаходаў — кожны лічыць выключна сваімі праезжую частку і ходні адпаведна.

І гэтай негатыўнай з’яве спрыяе наша заканадаўства, з амаль поўнай адсутнасцю згадкі пра правы роварыстаў. Скажам, у той жа Еўропе за перасоўванне па роварнай сцежцы людзям без ровару пагражае штраф. І асабліва гэта тычыцца аўтамабілістаў. А збітаму на ёй пешаходу, нават пры наяўнасці сур’ёзных трамваў, без сэнсу патрабаваць кампенсацыю праз суд. Хутчэй уладальнік ровара будзе мець магчымасць спагнаць з таго яшчэ і за пагнутыя спіцы. Але безумоўна, гэта магчыма толькі тады, калі вела, аўта і пешаходная прастора дакладна размежаваны адна ад адной, хаця б той жа дарожнай фарбай ці колерам бруку. Менавіта таму шматлікія еўрапейцы, хоць і могуць дазволіць сабе любы транспартны сродак, абіраюць менавіта ровар. І гэта не дзіўна — бо з ўпарадкаваным транспартным рухам ровары прыносяць толькі камфорт і асалоду ад паездак.

У нас жа на дарогах роварыстаў пільнуе яшчэ адна бяда — ДПС. У Берасці былі выпадкі, калі на велакарыстальнікаў накладалі штраф у памеры базавай адзінкі. Па правілах дарожнага руху роварыст мусіць рухацца па ўзбочыне ці тратуары. Але тут супрацоўнікі ДАІ чамусці ігнаруюць апошнюю фразу з гэтага пункту ПДР: «пры адсуднасці ці НЕМАГЧАМАСЦІ руху па нім (абочына, тратуар, ходні — рэд.) дазваляецца рух роварыстаў па праезжай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 метр ад яе правага краю. «Магчымасць руху — справа суб’ектыўная, але каму, як ні роварысту вызначаць гэтую магчымасць.

Сябры моладзевай ініцыятывы Аазіс вырашылі палепшыць сітуацыю. Зараз актывісты збіраюць подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў з патрабаваннем стварэння ў Берасці роварных шляхоў, якія б злучылі ўсе мікрараёны гораду, а таксама ўладкавання роварных стаянак. 4 верасня будзе арганізаваны велапрабег, а да гэтага часу арганізатары плануюць прыцягнуць увагу грамадства да існуючых праблем з дапамогай інфармацыйнай кампаніі.
Выпушчаныя і распаўсюджваюцца адпаведныя ўлёткі. Далучыцца ці атрымаць дадатковую інфармацыю можна ў адмыслова створанай суполкі ў кантакце ці па тэл: (029) 227-52-12 (МТС), (029) 660-57-41 (Velcom)

Вось бы нам так!

Вось бы нам так!

Хто заплаціць за пагнутыя колы?!

Хто заплаціць за пагнутыя колы?!

[supsystic-social-sharing id="1"]