Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

Бліжэй да мэты

4 жніўня ўрачыста завяршыўся летнік, падчас якога сябры “Дзедзіча” будавалі свой “Еўрапейскі дом сустрэч”. Летнік прайшоў надзвычай паспяхова: было зроблена ўсё запланаванае, хапіла часу і на добры адпачынак.

Ужо другі год “Дзедзіч” даводзіць да ладу сядзібу ў вёсцы Залессе Каменецкага раёна (гл. мапу тут). Гэты будынак, які ў аварыйным стане быў набыты агульнымі намаганнямі сяброў “Дзедзіча” у 2008-м годзе, яшчэ праз 2-3 гады мусіць стаць месцам сустрэчаў моладзі не толькі з Беларусі, але і з усёй Еўропы. Аналагічныя установы існуюць ва ўсіх еўрапейскіх краінах: у Польшчы, да прыкладу, у кожным ваяводзтве іх па некалькі адзінак. У нашай краіне першы з такіх дамоў будуе “Дзедзіч” і месціцца ён будзе акурат на Берасцейшчыне.

Крок за крокам актывісты набліжаюцца да сваёй мэты. Зроблена перапланіроўка, прыбудавана санітарна-гаспадарчая частка, перакрыты дах, і неўзабаве з’явяцца новыя перагародкі. Пасля час сантэхнічных камунікацый і аддзелкі. Усё гэта стала вынікам не толькі працы прафесійных будаўнікоў, але і велізарнай валанцёрскай дапамогі. Другі год запар тут ладзіцца працоўна-адпачынкавыя летнікі. Гэтым разам тут сабралося больш за 20 чалавек, якія разбіралі старыя перагародкі і падлогу, збівалі непатрэбную тынкоўку.

Не забыліся і на адпачынак. Падчас летніка праводзіліся міні-турніры па дартсе і валеболе, камандныя гульні і шматлікія забавы. Асаблівым падарункам для ўдзельнікаў летніка стаў прыезд вядомага беларускага барда Змітра Бартосіка, які стаў магчымым дзякуючы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі”. У апошні дзень усе валанцёры выправіліся на раку Пульву, дзе ўрачыста закрылі будаўнічы сезон-2010. Найбольш актыўныя і крэатыўныя ўдзельнікі летніка атрымалі на памяць футболкі, якія перамаглі на конкурсе “Цішоткі вольных беларусаў”.

У наступным годзе арганізатары абяцаюць працягнуць традыцыю працоўна-адпачынкавых летнікаў у Залессі і спадзяюцца пабачыць як і ўжо добра знаёмыя, так і новыя твары.

6 каментарыяў

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *