Праз 600 год пасля грунвальдскай бітвы беларускім ваярам зноў давялося даказваць сваю абароназдольнасць. “Дзедзіч”, знаны сваім клопатам пра нацыянальны гонар, не мог не падтрымаць “сваіх” ў такі адказны час і 14 ліпеня адправіўся ў невялічкую польскую вёсачку Грунвальд на месца славутай бітвы. 

Падчас збору ў ваенны паход дзедзічы думкамі амаль цалкам перанесліся ў 15 стагоддзе, але з набліжэннем да месца змагання сярэднявечча ад нас няўмольна адплывала. І прычына зусім не ў тым, што замест каня пад намі былі гумавыя колы аўтобуса, а нашыя збраяносцы неслі не дзіды, а фотакамеры і намёты са спальнікамі . Да рэальнасці настойліва вяртала жудасная спёка, ад якой не было куды схавацца на шырокіх грунвальдскіх прасторах.
Са змарнелым выглядам, які мелі абсалютна усе госці імпрэзы, мы соваліся ад адной цікавосткі да другой, і марылі толькі пра бутэльку халоднай вады (якая каштавала 6 злотых) і прахалодны душ (якім можна было карыстацца толькі рыцарам). Тым не менш, паглядзець было на што: на нашых вачах ляпілі збаны, выраблялі паперу, чаканілі манеты. Даволі цікавымі былі табары рыцараў, якія ладзілі свой побыт адпаведна звычкам сярэднявечча. Асабліва уражвала мястэчка беларускай Літвы, пры уваходзе да якога павесілі крыжака і прывязалі раба з кайданамі на шыі.

Па вечарах, калі спякота крыху спадала, публіка, хоць і пакрытая пластом пылу ўперамешку з потам, бачна ачуняла.У першы дзень гледачоў абудзілі рыцары-коннікі у адных трусах. Затое на наступны дзень турнір быў сапраўды сур’ёзны: я не магла не зажмурвацца, калі нашых ваяроў, узброеных мячамі, неміласэрна сякуць сякерамі на доўгіх палках (як я пазней даведалася ад гісторыкаў, яны называюцца алебардамі). Нарэшце адзін з нашых небаракаў-мечнікаў трапіў у шпіталь з траўмай унутраных органаў.

А вось апагей імпрэзы – рэканструкцыя самой бітвы – хоць і сабраў больш за 10 тысяч гледачоў, асабліва нас не ўразіў: тут ужо крыві і мяса не было. “Бітва” аказалася звычайным тэатралізаваным шоў, але прафесійныя ваяры апынуліся не вельмі прафесійнымі акторамі і паміралі ад варожых мячоў без асаблівага імпэту. Тым больш, як мне пазней прызналіся рыцары, палова ліцвінскіх “харугваў” гулялі крыжакоў.

Сучасная цывілізацыя са сваімі турботамі канчаткова нагнала нас у апошні дзень, калі усе 10 тысяч чалавек рушылі дадому па адной двухпалоснай дарозе і утварылі такім чынам 8-кіламетровую калейку. Дзедзічы бадай што упершыню парадаваліся, што не маюць уласнага аўто. Але калі мы пешшу дабраліся да аўтобуснага прыпынку, нашая радасць прапала: аўтобус з Грунвальда ходзіць усяго колькі разоў у дзень, і мы, прастаяўшы пад залеўным дажджом некалькі гадзін, вымушаныя былі выклікаць таксі.

Альбіна Трус,  Dzedzich.org

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

  1. Варган
    Ответить

    Другі блін камяком, на смак і колер сябра няма, першы сустрэчны.. вумны як вутка.

    Першы блін — сабаку,
    першыя каты — за платы,
    першае цялятка — шчанятка,
    першую работу за плот выкідаюць..

    так лепей.

    Thumb up 0 Thumb down 0

Дадаць каментарый