Трансляцыю стужкі «Крестный батька» ў Беларусі перакрылі, замест яго пусцілі мастацкі фільм з яскравай назвай “Пекла”. Аднак весткі пра яго выклікалі вялікую цікавасць сярод насельніцтва.

На інтэрнэт-сайтах, якія далі інфу пра гэта, артыкулы сталі самымі чытанымі матэрыяламі за апошнія 30 дзён. Ролік фільма на Ю-Т’юбе сабраў 118 000 праглядаў па стане на 18.30 чацвярга.
На расійскім НТВ фільм паказалі напярэдадні саміта ў Казахстане кіраўнікоў дзяржаў Расеі, Беларусі і Казахстана.
Фільму папярэднічалі тытры пра тое, што кіно павінна было выйсці яшчэ год таму, але спецслужбы Беларусі тады сканфіскавалі касеты.

Але, маўляў, цяпер нейкія бадзёрыя людзі вырвалі касеты з лап КДБ і перадалі журналістам. Далей пачалося выкрыццё Лукашэнкі.

Разрэкламаваць стужку дапамаглі актывісты БРСМ: яны размясцілі на смеццевых баках прыпынкаў налепкі «Спецыяльна для НТВ!». А каля ўваходу на Камароўскі рынак актывісты зладзілі перформанс «Асцярожна! Смярдзіць КАнаЛ НТВ!» Слова «кал» вылучалася на фоне слова «канал».
Газета “Наша Ніва”, якая змясціла матэрыял пра фільм на першую паласу, не з’явілася ў продажы. Рэдакцыя гэта звязвае з цэнзурнай забаронай.
Так супала, што з 1 ліпеня запрацаваў новы закон, датычны інтэрнэта, які дае права правайдэрам адключаць непажаданыя сайты. Першай ахвярай стаў сайт «Витебского курьера», які выклаў ролік з фільмам НТВ.

Паводле “Нашай Нівы” і NEWSru

[supsystic-social-sharing id="1"]