Я прагулялася па парку падчас выпускнога свята, пагутарыла з тымі, дзеля каго яно ладзілася, і такім чынам даведалася пра некаторыя сакрэты закуліснага жыцця апошняга школьнага вечара.

Гульня ў бутэлечку

Вучні беларускіх школ і гімназій вылучаюцца асаблівай слабасцю да алкаголю, лічаць нашыя ўлады. Але абвастрэнне гэтай згубнай звычкі ў іх адбываецца падчас заканчэння школы, прычым менавіта ў дзень правядзення выпускнога вечара – упэўнены чыноўнікі. Таму ўсе дэталі арганізацыі свята прадуманы клапатлівым кіраўніцтвам  з улікам фактару рызыкі:  у крытычны перыяд прыпыняецца продаж спіртнога,  вучням зачыняецца доступ у кавярні і рэстараны — улюбёныя месцы жыхарства зялёнага змея (вечар можа праводзіцца толькі ва ўстановах адукацыі і культуры), а некаторыя школы нават замыкаюць дзяцей у будынку, дзе праходзіць свята, каб яшчэ надзейней ахаваць ахвяр «выпускнога алкагалізмаму» ад усіх спакус навакольнага свету.

Як ставяцца самі выпускнікі да такіх «святочных» мер, я даведалася  з першых вуснаў: «Ды няхай забараняюць што заўгодна, мы ўсё адно ўсё зробім па-свойму».  Азартная моладзь бачыць у гэтым свайго роду гульню, забароны і цяжкасці толькі распальваюць яе маладую кроў. Перавязаныя чырвонымі стужкамі хлопцы і дзяўчыны ахвотна падзяліліся са мной спосабамі, як пранесці аб’ект  на зону  пад аховайі пагуляць на тэрыторыі ворага па сваіх правілах.

Па-першае, спіртное ў сумачках і за пазухай пінжака  праносяць бацькі, якія збіраюцца адзначыць свята па-сталаму. Дзеці ж спадзяюцца, што праз некаторы час бацькі падабрэюць і падзеляцца з дзецьмі не толькі газіроўкай.  Акрамя таго, прадпрымальныя маладзёны паклапаціліся пра сябе самі і загадзя «заныкалі» бутэлькі ў зацішныя месцы ў школе. Прычым тут вынаходлівыя юныя розумы павінны кожны год вынаходзіць замену старым «нычкам», рассакрэчаным летась адміністрацыяй школы ці міліцыяй. Перасягнула ўсіх па вынаходлівасці адна з школ Маскоўскага раёна, якая праводзіць выпускны ў ЦМТ. Вучні школы распавялі, што бутэлькі з «палівам» яны схавалі ў бачках унітазаў. Але поспехам такая задума не скончылася: у адным з бачкоў нешта парушылася, і вада пачала вылівацца праз край. У выніку схованку знайшоў сантэхнік.

Нягледзячы на зменлівасць фартуны, гнуткасць розуму і праца фантазіі дазваляе маладому пакаленню кожны год з поспехам абводзіць вакол пальца супернікаў па гульні.

Рэпетыцыя перад вяселлем

Фінансавы крызіс не ўнёс ніякіх карэктываў у адзначэнне выпускнога. Эканоміць на гэтым мерапрыемстве лічыцца непрыстойным, асабліва дзяўчынам, бо наступны выпадак паўстаць ва ўсёй красе з’явіцца толькі на вяселлі. Ды і бацькі бачаць сваё прызначэнне ў фінансаванні ўсіх капрызаў сваіх атожылкаў, выпускны для іх — магчымасць выявіць сваё выхаваўчае майстэрства. Таму назапашаныя за апошні перыяд сродкі яны без аглядкі кідаюць у бяздонную бочку пад назвай Выпускны.

Самая вялікая частка гэтых сродкаў сыходзіць, вядома, на строй дачкі. Пагаварыўшы з дзяўчынкамі, я высвятліла, колькі каштуе іх захапляльны выгляд у сярэднім: сукенка — каля 600 тыс. рублёў (хоць некаторыя перфекцыяністкі вывалілі па 1,5 млн.), туфлі — 250 тыс, фрызура — 70, манікюр з нарошчваннем пазногцяў — 70, педыкюр — 30, макіяж з нарошчваннем веек — 120, саляры — 60. Разам: 1 млн 200 тыс. рублёў.

Акрамя таго, неабходна  захаваць успаміны «пра падзею, якая бывае раз у жыцці» — для гэтага традыцыйна заказваюцца выпускныя альбомы і дыскі з відэа (дарэчы, я сама выпускное відэа паглядзела ўсяго адзін раз —  як толькі атрымала, зараз касета пыліцца дзесьці на паліцах). Такім чынам, у святочную касу сыходзіць яшчэ 75 тыс. — за фота і 120 — за відэа.

Таксама грошы здаюцца на ўпрыгожванне залы, дзе будзе праводзіцца імпрэза, на феерверк, на вядучага вечара, ну і вядома, на падарункі настаўнікам і школе. Агулам на такія патрэбы вучні   школы №5  скідаліся па 250 тыс. рублёў, № 18  — каля 300 тыс., ну а выхаванцы гімназіі №1 не пашкадавалі больш за 400 тыс.

Калі ўсё сумаваць, атрымаецца кругленькая сума  ў раёне 1 млн.700 тыс. руб.

Віншуем выпускнікоў, што яны з поспехам пераадолелі ўсе юрыдычныя і фінансавыя цяжкасці выпускнога свята. У добры шлях!

Брестский курьер, пераклад  Dzedzich.org

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

  1. Алексей
    Ответить

    Ссылка на источник — неверная. Ведет не на сайт Брестского курьера. Исправьте.

    Thumb up 0 Thumb down 0