Дзіўна ў Берасці, горадзе “хрушчовак” і савецкіх манументаў, чуць гукі валынкі і гусляў.  Фестываль “Фольк-фармат” мог бы стаць сапраўдным адкрыццём для неспрактыкаванай берасцейскай публікі: смелыя спалучэнні сучасных мелодый з сярэднявечнымі матывамі і авангардныя музычныя напрамкі – нязвыклая з’ява для нашага горада.  Між тым, 6 чэрвеня у зале ГКЦ, дзеадбываўся фэст, запоўненымі былі толькі  трэць месцаў.

– Гэта нармальная з’ява, – патлумачыў журналістам «БК» арганізатарЗміцер Назараў, — на большую колькасць мы і не разлічвалі. Берасце пакуль што не гатова да ўспрымання такой музыкі. У залі, я ўпэўнены, амаль няма выпадковай публікі, усе – знаўцы і аматары сапраўднай беларускай культуры і мастацтва. Мы разлічваем у асноўным на інтэлігенцыю і “прасунутую” моладзь. Але спадзяюся, што дзякуючы нашай дзейнасці кола такіх людзей будзе расці.  Зараз нас пачула 150 чалавек, заўтра яны раскажуць сваім сябрам, і ў наступны раз да нас прыйдзе 300.

Зміцер ладзіць у Берасці мерапрыемствы нефармальнай культуры звычайна без усялякага для сябе прыбытку.  Шляхам такой “выхаваўчай дзейнасці” ён пакрысе гадуе сабе “сталую” аўдыторыю. А асабістае сталенне пасля яго мерапрыемстваў сапраўды адчуваеш. Залу ГКЦ берасцейцы пакінулі, узбагачаныя карыснымі ведамі і незвычайнымі ўражаннямі.

Перш за ўсё, асветніцкую ролю ўзялі на сябе гурты, вядомыя на ўсю краіну і за яе межамі: “Стары Ольса”, Testamentum Terrae, CORNUCOPIA…  Яны запэўнілі прысутных, што  рок-н-ролл з’явіўся на Беларусі, прычым шмат стагоддзяў таму. І яскрава пацвердзілі гэтую думку сваімі выступамі: сярэднявечныя матывы ў рок-апрацоўцы, цудоўныя строі і аўтэнтычныя інструменты не дазволілі нікому ўсумніцца ў яе праўдзівасці.

Мужчынскай частцы аўдыторыі асабліва прыемна было інтэлектуальна ўзбагаціцца за кошт прыгожай мініяцюрнай дзяўчыны Наталлі Няцэлі. Наталля – лепшы і да нядаўняга часу адзіны майстар пяскаграфіі – раскрыла спадарству таямніцу гэтага віду мастацтва. На нашых вачах разгортваліся цудоўныя пясчаныя мініяцюры, і сэрцы гледачоў жудасна сціскаліся, калі Наталля лёгкай рукой руйнавала чароўным чынам створаны малюнак, каб пачаць новы.

Сапраўдным педагагічным майстэрствам валодалі вясёлыя хлопцы з гурта “НагУаль”. За рэкордны тэрмін яны навучылі публіку “фанемным” сюррэалістычным спевам, і здольныя вучні на ўсю залю падпявалі: Усус- кундусус – Аі!… Ці на да -А-а, Ці на да і … “Гэтая мова найбольш дакладна адлюстроўвае стан нашых думак”, – кажа вакаліст гурта Леанід Паўлянок.    Дзіўна, але блізкай яна аказалася і гледачам фестывалю.

Навошта патрэбна старажытная музыка і  як яе данесці да правінцыйнай аўдыторыі? — пытаю ў аднаго з найяскравых фольк-метал гуртоў Беларусі – Litvintroll.

— Вельмі проста, –  адказвае вакаліст Андрык Апановіч, – у кожнага ў душы спіць троль, які гатовы да ўспрымання нашай музыкі – рок-н-трола. Проста ў рэгіянальнай душы ён спіць часцяком пад коудрай  псеўдафальклору. Таму трэба яго мацней будзіць.

І сапраўды, пачуўшы, як Андрык рыкае “Купалінку” голасам з апраметнай, прачнецца не толькі троль, але ўсе нячысцікі.

“Ліцвінскія тролі” перакананыя, што для Беларусі фольк-рок – гэта не проста адзін з музычных напрамкаў. Ён абуджае цікаўнасць да роднай гісторыі і культуры. Музыкі упэўнены: у будучым фольк-рок і іншыя альтэрнатыўныя музычныя напрамкі заваююць годнае месца ў масавай беларускай культуры – сапраўднае мастацтва не можа доўгі час быць у андэграўндзе. І асаблівых намаганняў для гэтага прыкладаць не трэба, дастаткова проста не перашкаджаць (“не стреляйте в пианиста…”).

Прома-суполка “Зала чакання” салідарная з думкай “Ліцвінтроля” і з поўным аптымізмам плануе зрабіць фольк-фестываль традыцыйным. Таму можна быць упэўненым, што хутка Берасце з правінцыі ператворыцца ў цэнтр перадавой альтэрнатыўнай культуры.

Анастасія Гурына, Брэсцкі кур’ер

Фота Яўгена АНІШЧУКА
[supsystic-social-sharing id="1"]