Аўтар кнігі – полацкі гісторык, выкладчык Полацкага універсітэта Юры Ўсціновіч. Кніга называецца “Яська і конік ягоны Грыўка” і адрасаваная маленькім чытачам.

Напісаная кніга ў былінным стылі, з добраю доляю фантазіі, аднак грунтуецца на гістарычных фактах. Шасцігадовы полацкі хлопчык Яська засмучаецца, што бацька не ўзяў яго з сабой на Грунвальдскую бітву з крыжакамі. Аднак тут, кажа аўтар кнігі, здараецца цуд.

Юры Ўсціновіч: «Конік Грыўка аказаўся чароўным. Яська акунуўся ў сутоку рэк Палаты і Дзвіны і коніка акунуў. Ён пераўтварыўся ў моцнага дужага волата, і конік таксама пераўтварыўся ў срэбрагрывага баявога каня. І вось яны паспелі паўдзельнічаць у бойцы, вярнуцца назад. І ўжо пасля Яська слухаў ад бацькі пра Грунвальдскую бітву – і ў тым ліку пра свае подзвігі».

Выхад кнігі прымеркаваны да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. На прэзентацыі мастак Іван Іваноў, які аздобіў кнігу, апавёў, што цяпер ідзе праца над мультфільмам паводле гэтага твору. Плануецца выкарыстаць цікавы прыём, калі героі старажытных гравюраў “ажывуць” на экране.

euroradio.fm

[supsystic-social-sharing id="1"]