Даследча‑асветніцкая ўстанова «Рух наперад» атрымала афіцыйнае апавяшчэнне аб тым, што ўлады маюць намер прызнаць несапраўдным выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі.

Нагадаем, «Рух наперад» было зарэгістравана 2 лютага гэтага года. Яго дырэктар — Уладзімір Някляеў. Намеснік — Ніна Пахлопка.

Сярод ўнутраных праграм установы — і шырока вядомая цяпер кампанія «Гавары праўду».

І вось высвятляецца: 27 траўня Галоўным упраўленнем юстыцыі, аддзела ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання Мінгарвыканкама пададзены пазоў у Гаспадарчы суд сталіцы аб прызнанні дзяржрэгістрацыі ўстановы несапраўдным.

Спасылкі ідуць на дэкрэт прэзідэнта ад 16 студзеня 2009 г. «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання».

Што тычыцца канкрэтных прэтэнзіяў да установе «Рух наперад», то яны зводзяцца да аднаго: непраўдзіва напісаны юрыдычны адрас.

Адрас у дакументах такі: Мінск, праспект Машэрава, 54 — гэта тое самае памяшканне, дзе офіс і знаходзіўся ўвесь час, пакуль пасля ператрусу 18 мая яно не было апячатана.

На 10 чэрвеня прызначана падрыхтоўчае судовае паседжанне ў Гаспадарчым судзе Менску.

Праблема для кіраўнікоў, юрыстаў установы «Рух наперад» сёння ў тым, што яны не могуць сабраць неабходную дакументацыю, якая знаходзіцца ў апячатанай офісе.

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]