Выдадзеную складанку ваенных статутаў на беларускай мове тыражом у 350 асобнікаў разашлюць ва ўсе вайсковыя часткі Беларусі.

Пра гэта паведаміў кіраўнік прэс-службы міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык. Прадстаўнік Мінабароны адзначыў, што статуты пасылаюцца толькі з мэтай азнакамлення, і салдаты не змогуць імі карыстацца, перадае «Тэлеграф».

«Гэтыя статуты падлягаюць рассыланню ва ўсе армейскія аб’яднанні і вайсковыя часткі. Для азнакамлення. А ў роту ганаровай варты — для выканання. Натуральна, статуты ўсюды выконваюцца, я маю на ўвазе — на беларускай мове», — цытуе «Еўрарадыё» словы Вячаслава Раменчыка.

Па словах прэс-сакратарачы Мінабароны, пры ўсім жаданні камандзір часткі не зможа карыстацца статутам на беларускай мове. «У нас уся загадная частка на рускай мове, — распавёў прадстаўнік ваеннага ведамства. — Ёсць шэраг асаблівасцяў: мы выконваем задачы ў самастойным складзе рэгіянальнай групоўкі войска. Там мова зносін руская. Рота ганаровай варты выконвае задачы толькі ў адпаведнасці са сваім прызначэннем. Таму было прынята рашэнне па роце ганаровай варты — забяспечыць яе падрыхтоўку на беларускай мове».

Вячаслаў Раменчык падкрэсліў, што на дадзеным этапе гэта пытанне вырашана. «Усё аптымізавана і вызначана для роты ганаровай варты. А далей — час пакажа», — яшчэ раз адзначыў прэс-сакратар мінабароны.

charter97.org

[supsystic-social-sharing id="1"]