Дзесяты Міжнародны фестываль байкераў арганізаваны брэсцкім клубам байкераў Gold Wing з удзелам аддзела па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Летась у фестывалі ўзялі ўдзел каля 3 тысяч матацыклістаў. Паводле арганізатараў, сёлета прыехала прыкладна столькі ж байкераў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Нямеччыны, Галандыі і Швецыі.

База фестываля размясцілася ў аздараўленчым летніку “Арлёнак” недалёка ад Кобрына. Там праходзяць рок-канцэрты і дыскатэкі.

У суботу адбыўся парад па Брэсце, ускладванне кветак у Брэсцкай крэпасці, узнагароджанне пераможцаў, канцэрт гуртоў «Ток», «Смысловые галлюцинации», «Лепрыконсы», а пасля — дыскатэка. У нядзелю — дзень ад’езду.

Адзначым, што ўжо чацвёрты год фестываль курыруе Дзяржаўтаінспекцыя. Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды Брэсцкага ДАІ капітан Наталля Сахарчук паведаміла Еўрарадыё, што летась з 3 тысяч зарэгістраваных удзельнікаў толькі 7 “трапілі” на ўжыванні алкаголю. І гэта пры тым, што ў 2007 годзе іх было каля трохсот.

Сёлета пакуль усе ў парадку. Такія звесткі  далі Еўрарадыё аператыўныя дзяжурныя аддзяленняў міліцыі Кобрына і Брэста, якія нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме.

euroradio.fm

[supsystic-social-sharing id="1"]