Таварыства Беларускай Мовы адмовілася падтрымліваць кампанію «Гавары праўду». Па іх словах, кіраўнік афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Чаргінец патлумачыў сваю пазіцыю тым, што пэўны час таму ўжо звярнуўся з падобнай ініцыятывай да ўладаў і чакае адказу.

Што тычыцца Трусава, то ён, маўляў, сваю адмову не абгрунтаваў.

У інтэрв’ю Еўрарадыё старшыня ТБМ заявіў, што ягоным подпісам ініцыятары не цікавіліся:

Трусаў: «Да мяне звярнуўся прадстаўнік гэтай групы, каб ТБМ дапамагала ім подпісы збіраць за гэтую вуліцу. Мне персанальна падпісвацца ніхто не прапаноўваў, а хацелі, каб ТБМ працавала на гэтую невядомую мне кампанію. На што я адказаў, што я на рускамоўныя ці расійскія кампаніі не працаваў і працаваць не буду. Таму што паштоўкі ўсе зробленыя па-расійску, надрукаваныя ў Смаленску… І наогул, за гэтымі кампаніямі стаяць незразумелыя мне людзі».

Трусаў заявіў, што ён не супраць з’яўлення вуліцы Быкава ў Мінску, але гэта мусіць быць не Ўльянаўская, якую прапануюць ініцыятары. На думку кіраўніка ТБМ, найлепш было б звярнуцца да ўладаў з прапановай надаць імя Быкава новай вуліцы.

Трусаў: «Я не разумею, чаму менавіта Ўльянаўская! Што, там Быкаў жыў? Не, ён там не жыў ён жыў на вуліцы Танкавай. Ну тады давайце вуліцу Танкавую, якую потым зрабілі імя Максіма Танка, падзелім папалам. Палова будзе Максіма Танка, а там, дзе жыў Быкаў (а я быў не раз у яго дома), назваць вуліцай Быкава. Я не разумею, чаму Ўльянаўская…»

Буйныя апазіцыйныя палітычныя партыі падтрымаюць кампанію «Гавары праўду!».

Пра гэта 19 траўня заявілі лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін і старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Калякін адзначыў, што партыя «Справядлівы свет» падтрымлівала кампанію «Гавары праўду!» ад часу яе ўзнікнення, перадае БелаПАН.

Аляксей Янукевіч заявіў, што Партыя БНФ будзе падтрымліваць кампанію «Гавары праўду!», пакуль гэтая кампанія будзе заставацца непалітычнай. Калі ж лідэры кампаніі перавядуць яе ў палітычную плоскасць, то Партыя БНФ будзе весці з імі перамовы.

[supsystic-social-sharing id="1"]