Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

У “Гавары праўду” забралі шарыкі і кампутары

У Брэсце ў актывістаў кампаніі “Гавары праўду” забралі шарыкі і кампутары. Міліцыянты таксама павезлі з партыйных, прафсаюзных офісаў і кватэраў дэмакратычных актывістаў самую разнастайную літаратуру.

Старшыня Брэсцкай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў распавёў Еўрарадыё:

“У 12.20 прыйшлі афіцэры міліцыі Захараў Іван Уладзіміравіч, Грышын Данііл Віктаравіч і Шапавалаў Алег Іванавіч з панятымі. Маўляў, узбуджаная нейкая там крымінальная справа, і гэта ёсць падставай для пошукаў. Тут офісаў многа, на гэтым адрасе, які ў пастанове на ператрус. Але міліцыянты чамусьці зацікавіліся менавіта нашым. Тут сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) месціцца і Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Брэсцкае аддзяленне. Забралі частку архіва агітацыйнай літаратуры, улёткі на выбары, бюлетэні прафсаюзныя. Каля 2-3 тысячаў паштовак “Гавары праўду” забралі, каля ста шарыкаў “За праўду” і столькі сама кніг Уладзіміра Някляева. Кампутары павезлі абодва і асабісты ноўтбук Ганны Канюс”.

Таксама паралельна пачаўся ператрус дома ў Ганны Канюс, старшыні гарадской арганізацыі БСДП (Грамада), сказаў спадар Лазарэнкаў.

Спадарыня Канюс пацвердзіла: бацька паведаміў па тэлефоне, што вынеслі з дому кампутар і яе паперы. Міліцыянты хацелі таксама трапіць у офіс Брэсцкай абласной арганізацыі Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які месціцца ў тым самым будынку, што і абшуканыя офісы. Але не было старшыні Зінаіды Міхнюк. Быў выказаны намер адкрыць дзверы аўтагенам, сказаў юрыст прафсаюза Ўладзімір Малей. Яму растлумачыць мэту ператрусу міліцыянты не захацелі.

Еўрарадыё.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *