Начальнік аддзела культуры Берасьцейскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ўладзімер Сусько адказаў аднаму з арганізатараў фэсту «Гукі вясны», дзе была канфіскаваная большая частка накладу музычныга дыску «Права маладых — першы музычны блін» з запісамі гуртоў і выканаўцаў зь Берасьцейскай вобласьці. Чыноўнік піша: «Изъятые у Вас диски включают песни с нецензурной лексикой и антипропагандой здорового образа жизни, что является недопустимым для исполнения и распространения таких записей».

Права маладых — першы музычны блін

Дыскі на праверку ў дзень канцэрта 20 сакавіка забраў аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Па словах аднаго з супрацоўнікаў Маскоўскага РУУС, які пажадаў застацца ананімным, тыя на складзе пакрыліся пылам, а арганізатары да гэтага часу ніякага афіцыйнага адказу не атрымалі. Да таго ж лейтэнант міліцыі Ціхановіч М. В., які складаў пратакол і забіраў дыскі, адмаўляецца размаўляць і канкрэтна сказаць — які лёс чакае канфіскаваную музычную прадукцыю.

З Маскоўскага РУУС матэрыялы накіравалі ў аддзел культуры, начальнік якога, у выглядзе адпіскі, даслаў абсурдны ліст наступнага зьместа на адрас Паўла Белавуса, аднаго з арганізатараў фэсту «Гукі вясны»:

«В адрес Брестского городского исполнительного комитета направлены материалы в по изъятию у Вас кассет и с записями рок-групп и отдельных исполнителей», — так пачынаецца гэты ліст.

«Незразумела пра якія касэты ідзе гаворка ды і сэнс блытанага выказваньня з масай памылак таксама не зусім уцямна выглядае», — камэнтуе Павал Белавус.

«С целью недопущения подобных фактов, Вам следует знать, что все подобные действия должны согласовываться с администрацией заведения. Изъятые у Вас диски включают песни с нецензурной лексикой и антипропагандой здорового образа жизни, что является недопустимым для исполнения и распространения таких записей», — працягвае чыноўнік.

«На дыску прэзэнтаваліся запісы гуртоў, якіх у Беларусі ніхто не забараняў, а канцэпцыя дыску была ў тым, каб паказаць творчасьць музыкаў без абмежаваньняў і цэнзуры, што і адлюстравалася ў сьпевах. Дыск атрымаўся сваеасаблівым адлюстраваньнем жыцьця моладзі, грамадзтва Беларусі зь яго праблемамі і абсурднымі сытуацыямі, пры апісаньні якіх часам бяз лаянкі не абыйдзесься», — кажа Павал.

«Согласно требованиям авторских прав, Вы должны знать, что записи дисков осуществляются с согласия руководителей и авторов музыкальных произведений», — заўважае Ўладзімер Сусько пры канцы ліста.

«Ніводны з прысутных на дыску гуртоў і выканаўцаў не выказаў выдаўцам складанкі свае прэтэнзіі, таму я чакаю калі мне ўжо аддадуць канфіскаваныя дыскі. Тыя, хто жадае ўжо зараз паслухаць складанку, можа вольна спампаваць яе ў інтэрнэце, за мінулы месяц гэта зрабіла больш за 200 чалавек», — падсумоўвае Павал Белавус.

Складанку «Права маладых — першы музычны блін» можна спампаваць тут — www.rapidshare.ru/1423235, ifolder.ru/16961867

ТГ

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

  1. marmelad
    Ответить

    вось яно як,
    але не доўга гэтыя бюракраты будуць таньчыць у сваіх кабінетах

    з імі нашая культура да гэтага часу поўны калгас!!!!!!!

    Thumb up 0 Thumb down 0

Дадаць каментарый