Моладзь

У моладзі свой парламент

Марыце пра далёкія і не вельмі краіны і новыя гарызонты? Гарыце жаданнем раскрыць свой велізарны патэнцыял? Адкрыты для новых ідэй і не баіцёся складаных, невыканальных на першы погляд задач? Валодаеце ангельскай або французскай мовамі і гатовыя удасканальваць іх? Вам ёсць што сказаць і паказаць? Вам ад шаснаццаці да дваццаці аднаго года? Тады Еўрапейскі Моладзевы Парламент у Беларусі адкрывае перад вамі свае дзверы.

Еўрапейскі Моладзевы Парламент – гэта моладзевая ініцыятыва, заснаваная ў 1987г. у Францыі.

Галоўнымі яго мэтамі з’яўляюцца павелічэнне моладзевайдасведчанасці пра актуальныя праблемы ў свеце, арганізацыя міжкультурнага дыялогу і выхаваннесацыяльна-актыўнага пакалення.

З’явіўшыся ў Беларусі ў 1998г., Еўрапейскі Моладзевы Парламент пачаў хутка развівацца і за 4 гады яго прадстаўнікі былі ўжо ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў маленькіх гарадах і нават вёсках. Маладыя беларусы з задавальненнем знаёміліся з еўрапейскімі каштоўнасцямі і культурай і былі поўныя жадання паказаць сваё культурнае багацце. Больш за 20 сесій ЕМП было праведзена на тэрыторыі Беларусі, дзе абмяркоўваліся палітычныя, эканамічныя, экалагічныя, сацыяльныя, культурныя тэмы. Шматлікія з удзельнікаў яшчэ памятаюць летнія сесіі ў Берасці, у якіх бралі ўдзел выкладчыкі БрДУ.

Сесія Еўрапейскага Моладзевага Парламента – гэта камандабудаванне, гарачыя дэбаты, кава-брэйкі, насычаныя вечары, якія часта паціху пераходзяць у бяссонныя ночы, новыя знаёмствы, магчымасць палепшыць узровень замежнай мовы, пабачыць Еўропу і змяніцца.

ЕМП – для тых, каму цікава жыць, каму недастаткова банальнага наведвання ўніверсітэта і выканання дамашніх заданняў для поўнага шчасця. Для тых, каму не ўсё адно, для тых, у каго «хата не з краю».

Стэфанія МАЛЮТА


Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *