У выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Мілінкевіч паабяцаў эканоміцы — 10 мільярдаў інвестыцый, судам, медыцыне і ЖКГ — рэформу, журналістам — свабоду слова, моладзі — еўрапейскую адукацыю, эколагам — разабрацца з Астравецкай АЭС.

У панядзелак, 3 траўня, лідэр руху “За Свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч, памаліўшыся ў Кафедральным саборы Мінска, афіцыйна заявіў аб сваім намеры ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.

Аляксандр Мілінкевіч: “Хачу вам шчыра сказаць: адчуваю сілу, шмат ведаю, ёсць воля. І самае галоўнае — ёсць шмат людзей, якія мяне падтрымліваюць і на якіх я разлічваю”.

Аляксандр Мілінкевіч: “У нас ёсць канкрэтны план, які дазваляе верыць у тое, што за пяць гадоў мы ў стане правесці найбольш важныя пераўтварэнні ў краіне і праз пяць гадоў быць вельмі блізкімі да ўзроўня еўрапейскага жыцця”.

Найперш Мілінкевіч, у выпадку сваёй перамогі, абяцае аднавіць дэмакратычны прынцып падзелу ўладаў, замацаваны ў Канстытуцыі 1994 года, правесці выбары ва ўсе арганы ўлады, вывесці суды з-пад палітычнага, фінансавага і адміністрацыйнага ўплыву выканаўчай улады, ліквідаваць манаполію дзяржавы на СМІ і даць журналістам сапраўдную свабоду слова.

Але асабліва ўразілі абяцанні эканамічных пераўтварэнняў.

Аляксандр Мілінкевіч: “Мы зробім так, што інвестыцыі ў краіну пойдуць — мы ведаем, як гэта зрабіць, да нас будзе давер. У год, пры спрыяльнай бізнэс-атмасферы ў нашай краіне, мы здолеем сюды здабыць да 10 мільярдаў долараў. І прырост эканомікі пры такой палітыцы магчымы да 7-10% у год”.

Выступіў палітык за ўвядзенне прыватнай уласнасці на зямлю, за тое, каб зрабіць празрыстым дзяржаўны бюджэт, скасаваць прэзідэнцкі фонд і падтрымаць прадпрымальнікаў, малы і сярэдні бізнэс. Паабяцаў змяніць падаткавую сістэму.
Не абмінуў Мілінкевіч і праблему будаўніцтва атамнай станцыі ў нашай краіне.

Аляксандр Мілінкевіч: “Для мяне як фізіка атамная электрастанцыя на сучасных тэхналогіях можа быць пабудаваная ў краіне. Але я супраць АЭС, якую хочуць пабудаваць. Найперш таму, што нас не пераканалі ў тым, што энергетычна нам гэта неабходна. Я ведаю, што нашыя цеплавыя станцыі працуюць на 70% сваіх магутнасцяў. А яны ж могуць удасканальвацца новымі тэхналогіямі”.

Прызнаўшыся, што не з’яўляецца прыхільнікам цалкам ліберальнай эканомікі, Мілінкевіч выступіў за захаванне льготаў.

Аляксандр Мілінкевіч: “На гэтым этапе варта захаваць ільготы, хоць гэта і састарэлая форма дапамогі. З часам нам трэба будзе перайсці да адраснай абароны людзей. Гэта сістэма павінна быць рэалізавана цягам 3-4 гадоў, гэта цалкам магчыма”.

Моладзі Мілінкевіч паабяцаў еўрапейскую адукацыю, хворым — рэформу сістэмы аховы здароўя, усім жыхарам краіны — рэформу жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
А вось сябраваць Мілінкевіч абяцае і з Усходам, і з Захадам.

Аляксандр Мілінкевіч: “Спачатку мы ізаляваліся ад заходніх краінаў, а зараз сварымся з Расіяй. Добрасуседскія адносіны — гэта вельмі важна. Узаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі — гэта нашая перспектыва, гэта адпавядае беларускаму характару і будзе асновай нашай палітыкі”.

Мэта Мілінкевіча і яго каманды — уваходжанне ў Еўрасаюз, для чаго палітыку неабходна выйграць выбары. А для гэтага, кажа, галасы павінны лічыцца сумленна.

Аляксандр Мілінкевіч: “Не лічыце галасы — мы заклікаем людзей на вулічны мірны пратэст, які не прывядзе да хаоса, да крывавых рэвалюцый. Але калі няма дэмакратыі на ўчастках для галасавання, значыць дэмакратыя рэалізуецца на вуліцы”.

І на ўсялякі выпадак паабяцаў міліцыянтам павысіць заробкі да еўрапейскага ўзроўню і пазбавіць іх неабходнасці займацца палітычным вышукам.

Што тычыцца саюзнікаў, то Мілінкевіч разлічвае на падтрымку сябраў Беларускага незалежніцкага блоку. І пацвердзіў, што пагодзіцца зняць сваю кандыдатуру на карысць таго “адзінага”, які прапануе лепшую стратэгію перамогі ды праграму развіцця краіны і калі ён будзе больш моцны і пазнавальны за лідэра руху “За Свабоду!”.

Еўрарадыё.

[supsystic-social-sharing id="1"]