Ніводзін кандыдат ад Партыі БНФ, Руху «За Свабоду» і моладзевай арганізацыі «Маладая Беларусь» паводле папярэдніх звестак не стаў дэпутатам мясцовых саветаў. Пра гэта паведамілі падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксей Янукевіч, Аляксандр Мілінкевіч і Артур Фінькевіч. Палітычныя лідэры ацанілі выбары як скрайне недэмакратычныя, адзначылі поўную адсутнасць магчымасці для кандыдатаў і сябраў іх камандаў хоць якім-небудзь чынам назіраць падлік галасоў, пералічылі шэраг іншых парушэнняў.

Аляксей Янукевіч: «Учора адбыліся несапраўдныя выбары ў несапраўдныя саветы. Мы пабачылі, што дэкаратыўныя змены ў выбарчае заканадаўства — проста нахабная насмешка з боку ўладаў. Тысячы парушэнняў, што былі зафіксаваныя дэмакратычнымі кандыдатамі, іх даверанымі асобамі і назіральнікамі, паказалі, што ўлады правялі добрую рэпэтыцыю перад прэзэдэнцкімі выбарамі, якія, паводле Мікалая Лазавіка, могуць адбыцца ўжо ў гэтым годзе. Парушэнні былі такім: штучнае «нацягванне» яўкі, калі людзей пад прымусам заганялі на выбарчыя ўчасткі, бескантрольнасць вынасной скрыні для галасавання, калі сябры выбарчых камісій бралі яе і ішлі да тых людзей, якія не прагаласавалі на ўчастку, адсутнасць раздзельнага падліку галасоў».

Аляксандр Мілінкевіч: «Нягледзячы на афіцыйныя вынікі, мэты, што ставіліся перад выбарамі, мы дасягнулі. Мы пабачылі, што ў грамадзтва нарастае пратэстны настрой, паказалі людзям альтэрнатыву, распавялі пра мэханізмы фальсіфікацыяў. Мая перакананасць ў тым, што ў любых выбарах абавязкова трэба ўдзельнічаць, не знікла, а толькі ўмацавалася. Удзельнічаючы ў выбарах, мы павышаем пратэстны настрой, ствараючы спрыяльную глебу для наступных прэзыдэнцкіх выбараў».

Артур Фінькевіч: «Падчас выбарчай кампаніі актывісты «Маладой Беларусі» абышлі 8000 кватэраў. Мы пабачылі, што людзі нас падтрымліваюць, дзеляцца сваімі праблемамі, чакаюць ад нас іх вырашэння. Я перакананы, што цяпер на нашых акругах мы мусім працягваць працаваць так, як быццам бы мы ёсць абранымі дэпутатамі».

narodny.org

[supsystic-social-sharing id="1"]