Датэрміновае галасаванне застаецца адной з галоўных прылад для фальсіфікацыі выбараў, лічыць старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ Зміцер Шыманскі.

Як заявіў палітык у інтэрв’ю БЕЛАПАН, падчас падліку галасоў на шэрагу выбарчых участкаў у Брэсце ў урнах для галасавання, якія выкарыстоўваліся 25 красавіка, колькасць бюлетэняў за кандыдата ад партыі і яго суперніка былі прыкладна аднолькавымі.

«Пры гэтым нашы дэпутаты значна саступалі сваім канкурэнтам падчас датэрміновага галасавання. Напрыклад, у адной з такіх урнаў з 147 галасоў за нашага кандыдата было толькі тры», — сказаў ён.

Па словах палітыка, у вобласці ніхто з 13 кандыдатаў ад Партыі БНФ не быў абраны дэпутатам. «Мяне не засмуцілі гэтыя вынікі. Я іх прадбачыў, таму што выбары не былі празрыстымі, — падкрэсліў Шыманскі. — Пры гэтым цешыць, што нават па афіцыйна агучаных дадзеных нашы кандыдаты ў Брэсце, а іх было шасцёра, набралі ад 17 да 25% галасоў выбарнікаў на сваіх акругах».

Па словах Шыманскага, гэта сведчыць пра тое, што жыхары рэгіёна падтрымліваюць Партыю БНФ і дзейнасць яе арганізацыі ў абласным цэнтры, якую яна мае намер працягваць.

БЕЛАПАН

Пераклад dzedzich.org

[supsystic-social-sharing id="1"]