Кандыдату ад каманды партыі БНФ адмовілі ў магчымасці агітаваць за сябе студэнтаў Палітэхнічнага Універсітэту.

Анансаваная ЦВК змена выбарчага заканадаўства мусіла адкрыць новыя краявіды дэмакратыі ў правядзенні выбарчых працэсаў. На справе яна палепшыла магчымасці толькі мясцовых камісій і ідэолагаў у справе абмежавання сродкаў агітацыі апанентаў улады.

8 красавіка кандыдату ад Беларускага Народнага Фронту Віктару Клімусу і сябрам яго ініцыятыўнай групы не далі магчымасць правесці прадвыбарчую агітацыю ў інтэрнаце Берасцейскага Палітэхнічнага Універсітэту.

Аб неабходнасці ўзгадняць любую актыўнасць з галоўным ідэолагам навучальнай установы паведаміла выхавацель інтэрнату. Кіраўнік аддзела выхаваўчай працы І.М. Шульга заявіў, што кандыдаты не маюць права знаxодзіцца ў інтэрнаце з агітацыяй: «Для Вас можа быць арганізавана сустрэча ў палітэхнічным універсітэце, калі Вы пададзіце заяўку ў гарадскую камісію. Там можна будзе раздаваць агітацыйную прадукцыю«. Ніякія канкрэтныя нормы заканадаўства, якія б абмяжоўвалі магчымасць праводзіць агітацыю па месцу жыхарства выбаршчыкаў Іван Мікалаевіч назваць не змог.

«Падобных умоваў вядзення агітацыі не было ніколі — кажа сам кандыдат — на мінулых выбарах, любога ўзроўню: парламенцкіх, прэзідэнцкіх, мясцовых, мы як сябры ініцыятыўных груп свабодна заходзілі ў любое памяшканне, дзе маглі пражываць выбаршчыкі. Зараз жа фактычна забаронена не толькі з’яўляцца ў інтэрнатах, але і праводзіць любыя сустрэчы апроч як у вызначаных камісіяў месцах. Наступным крокам уладаў, відаць, стане забарона хадзіць з агітацыяй па кватэрах».

Сябры ініцыятыўнай групы Ўсё ж такі раздалі матэрыялы з праграмай свайго кандыдата. Праўда, у двары паміж двумя інтэрнатамі.

Гэта не адзіны выпадак такога кшталту, як у Берасці, так і цалкам па краіне. Патрабаванні і нормы мясцовых камісій часам даходзіць да абсурду, не кажучы пра іх неадпаведнасць Канстытуцыі Беларусі. Адсутнасць ведаў пра выбарчы закон і нахабнае нежаданне яго выконваць з боку мясцовых чыноўнікаў сустракаецца амаль паўсюдна. Рэакцыя на дадзеную сітуацыю — пасіўнасці і амаль поўнае ігнараванне гэтых «выбараў» шмат якімі палітычнымі сіламі. Да прыкладу ў Берасці толькі на 30% участках будзе з каго выбіраць. Але мяркуючы па настрою альтэрнатыўных кандыдатаў, на дзень галасавання гэтая лічба можа быць яшчэ меньшая. На колькі актыўны будзе электарат? Хаця, парога яўкі больш няма, а значыць «выбары» адбудуцца ў любым разе.

[supsystic-social-sharing id="1"]