У Камітэце правоў чалавека ААН зарэгістраваная скарга берасцейскага актывіста Партыі БНФ Сяргея Лазенкі.
Актывіст быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў Берасці 19 жніўня 2007 году падчас удзелу ў адкрытым пасяджэнні савета гарадской арганізацыі Партыі БНФ. Падчас пасяджэння праходзіла сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам і прэзэнтацыя яго кнігі “Лісты з лесу”.
7 верасня 2007 году суд Маскоўскага раёну Берасця прызнаў Лазенку вінаватым па ч. 1 арт. 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства) і аштрафаваў на 2 базавыя велічыні (62 тыс. рублёў). Рашэнне суду на працягу доўгага часу актывіст апазыцыі беспаспяхова абскарджваў у вышэйшых судовых інстанцыях.
“Прыцягненне да адказнасці члена Партыі БНФ за ўдзел у сходзе яго партыі выглядае абсурдна, — пракамэнтаваў абаронца. — Не ўяўляю, як дзяржава зможа абгрунтаваць такое неправамернае абмежаванне права на мірныя сходы. Я ўпэўнены, Камітэт ААН прызнае, што правы Лазенкі былі парушаны”.
Гэта ўжо другая зарэгістраваная ў Камітэце правоў чалавека ААН скарга на прадмет затрымання ўдзельнікаў згаданай сустрэчы. Першая паступіла ў камітэт ад берасцейца Юрыя Бакура. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і аштрафаваў на тры базавыя велічыні (93 тыс. рублёў).
Усяго ў той дзень было затрымана 28 удзельнікаў пасяджэння, з якіх 15 прыцягнуты да адказнасці.