У Брэсцкай вобласці зарэгістраваны ўсе ініцыятыўныя групы, заяўленыя палітычнымі партыямі па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў на выбарах, якія пройдуць 25 красавіка.

Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда.

Паводле яго слоў, у рэгіёне зарэгістравана 39 ініцыятыўных груп патэнцыяльных кандыдатаў, якія з’яўляюцца членамі палітычных партый. З іх 13 — Партыі БНФ, па восем — Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, па адной — Камуністычнай партыі Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Усяго ў Брэсцкай вобласці зарэгістраваны 2.442 ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. На рэгістрацыю такіх груп паступілі 2.444 заявы. Адна з іх была адклікана. Адной ініцыятыўнай групе адмоўлена ў рэгістрацыі ў сувязі з тым, што ў яе былі ўключаны асобы, якія не давалі на гэта згоды.

Як дапоўніў Каляда, 62 ініцыятыўныя групы зарэгістраваны для вылучэння кандыдатаў у абласны савет дэпутатаў, 127 — у гарсаветы абласнога падпарадкавання, 60 — гарадскія саветы раённага падпарадкавання, 303 — раённыя саветы, 73 — пасялковыя саветы, 1.817 — сельскія саветы.

У Брэсцкай вобласці ўтворана 980 участкаў для галасавання, у тым ліку 38 — у санаторыях, прафілакторыях і іншых стацыянарных лячэбных установах, шэсць — у вайсковых часцях.

У рэгіёне на выбарах павінен быць абраны 3.491 дэпутат мясцовых саветаў, што на 82 менш, чым на мінулых выбарах. Гэта звязана са змяншэннем колькасці сельскіх саветаў і выбарчых акруг. У тым ліку 60 дэпутатаў будзе абрана ў абласны савет, 555 — раённыя, 107 — гарадскія саветы гарадоў абласнога падпарадкавання, 84 — гарадскія саветы гарадоў раённага падпарадкавання, 109 — пасялковыя, 2.576 — сельскія саветы.

Ларыса Шыганава, БелаПАН.

[supsystic-social-sharing id="1"]