“Раўняйся!”, “Стройся!”, “Крокам марш!”, “Кругом!”, “Добрага здароўя, таварыш лейтэнант!” — так вайсковыя каманды загучалі на роднай мове.

Ужо напрыканцы лютага пабачаць свет беларускамоўныя варыянты вайсковых статутаў. Пераклад выканаў Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук на замову Міністэрства абароны. З’яўленне галоўнага дакумента для салдат на тытульнай мове — гэта чарговы этап па агульным удасканаленні Узброеных сіл. Найперш пераклады адрасаваныя адзінаму беларускамоўнаму вайсковаму аддзяленню — роце ганаровай варты.

Вячаслаў Раменчык: “Быў этап у нас — мы стваралі “Слоўнік вайсковых тэрмінаў”. Ён ёсць — ён дапамагае ў штодзённай дзейнасці. Зараз шэраг дакументаў, якія рэгламентуюць штодзённую дзейнасць войскаў, перакладаецца. У нас ёсць ва Ўзброеных сілах падраздзяленне, якое ўжо размаўляе на беларускай мове, дзе загады аддаюцца па-беларуску — гэта рота ганаровай варты. Для іх поўнай жыццядзейнасці і перакладаецца шэраг дакументаў”.

Намесніца дырэктара Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Любоў Кунцэвіч адмыслова для Еўрарадыё прывяла прыклады з перакладаў, зробленых на замову вайскоўцаў.

Любоў Кунцэвіч: “Яны сказалі, што справаводства будуць пераводзіць на беларускую мову — і вось пачалі з перакладу гэтых статутаў. Перакладалі “Крокам марш!”, а “Смирно” – “Смірна!”, так і будзе. Зварот застанецца ў выглядзе “таварыш”. “Спадара” дакладна не будзе”.

Дарэчы, хоць спадар лейтэнант у беларускім войску і надалей застанецца “таварышам”, аднак салдаты будуць яму не “здравия желать”, а зычыць “добрага здароўя”.

Аднак перакладніцкага буму ў войску ды і ў іншых дзяржаўных структурах чакаць не варта. Прынамсі, упэўненая Любоў Кунцэвіч, да лепшых у матэрыяльным плане часоў. Паслуга па перакладзе ў Акадэміі навук — платная.

Любоў Кунцэвіч: “Апошнім часам гэта ўсё на грошах завязана, плаціць не хочацца — не звяртаюцца. Ну, вайсковыя гэтыя, якія давалі статут перакласці, абяцалі, што будуць яшчэ і іншыя нейкія дакументы перакладаць. Тое, што яны плацілі, — гэта на заработную плату там і напалову не было. Таму што падаткаў больш чым заробкаў атрымалася”.

Пра грошы на падручнікі адразу ж згадваюць і ў рэгіёнах. Вайсковы камісар Мастоўскага ваенкамату Алег Шэндэровіч пра беларускамоўныя пераклады нічога не чуў. На думку камісара, асаблівай патрэбы ў пераходзе войска на беларускую мову няма.

Алег Шэндэровіч: “Напачатку 1990-х спрабавалі, аднак гэтак нічога і не атрымалася ў дзяржаве. У нас спецыялістаў тут таксама — гэта трэба будзе купляць буквары і сядзець. Бо граматна пісаць — тут людзі не ўсе да гэтага падрыхтаваныя”.

Магчыма, калі служба не толькі ў ганаровай варце, але і ў астатніх Узброеных Сілах краіны станецца сапраўды ганаровай, варту межаў ды мірнага неба над галавой суграмадзянаў будуць трымаць і беларускамоўныя памежнікі, танкісты, пяхота ды дэсантнікі.

tut.by

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

  1. Майская Аліса
    Ответить

    Па-першае, сам загад: «Стройся!» — гэта не па-беларуску. Па-беларуску строй — гэта ўбор, вопратка. Па-другое, такія загады, як і «Раўняйся!» — недакладна гучаць. Каманды падзяляюцца на папярэднюю і выканаўчую часткі. Націск мусіць быць на выканаўчай, як правіла — на апошнім складзе. Прыкладам, па-руску «Сьмір — на!», «Воль — на!» Апошні склад пад націскам. І параўнайце: «Раў-няй-ся!», «Строй-ся!» Націск не на апошнім складзе. Такім чынам, гэтыя каманды, вось так перакладзеныя, непрыдатныя для камандаваньня. Таму намі былі ўзятыя каманды статуту Беларускай краёвай абароны. Прыкладам: «Лева-фронт!», «Права-фронт!», «Раўнуй!», «Зважай!» Яны мусілі скарыстаць наш статут (c)tut.by

    Thumb up 0 Thumb down 0

Дадаць каментарый