Цягам трох сутак следчы мусіў вызначыцца: адпусціць хлопца, ці падоўжыць тэрмін арышту. У выніку Івана адпусцілі на волю.
3 лютага Берасцейскі актывіст “Маладога фронту” выйшаў з дому і не вярнуўся начаваць. Суткі ягоная маці шукала сына. У ізалятары часовага ўтрымання ёй паведамілі, што Івана падазраюць у бойцы, якая адбылася на адным з канцэртаў.
Як толькі Стасюк выйшаў з ізалятару, ён паведаміў сваім паплечнікам:
“Мне патэлефанаваў следчы Паўлюковіч С.В. і сказаў, што мае некалькі дадатковых пытанняў, на якія ён забыўся падчас допыту па позве 30 студзеня. Ён пад’ехаў за мною практычна дадому і арыштаваў мяне. Мне ў парушэнне заканадаўства не дазволілі патэлефанаваць родным, і мая маці фактычна суткі ня ведала, дзе я знаходжуся”.
“Пра бойку на нейкім канцэрце я даведаўся толькі падчас першага допыту 30 студзеня. У час бойкі я знаходзіўся дома, рыхтаваўся да сойму МФ і маю некалькі сведкаў і іншых доказаў алібі”, – кажа Стасюк.
Хлопец вызвалены з-пад варты, але мае статус падазраванага ў крымінальнай справе. Хлопец паведаміў, што будзе скардзіцца на незаконны арышт.
Іван Стасюк ня выключае, што дзеянні следчых маюць палітычны падтэкст, бо ён мае намер удзельнічаць у выбарах.
Любоў Лунёва, “Радыё Свабода”.