У Берасці 5 лютага створаны аргкамітэт у абарону затрыманага актывіста зарэгістраванай у Чэхіі міжнароднай маладзёжнай арганізацыі “Малады фронт” Івана Стасюка.
У склад аргкамітэту ўвайшлі рэгіянальныя прадстаўнікі Партыі БНФ, “Маладога фронту”, Руху “За Свабоду” і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, у гэты аргкамітэт апрача яго ўвайшлі рэгіянальныя прадстаўнікі Партыі БНФ, “Маладога фронту”, Руху “За Свабоду” і партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Усяго пяць чалавек.
− Мы лічым, што затрыманне Стасюка незаконнае і парушае яго грамадзянскія правы. І будзем дабівацца яго вызвалення, а таксама спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу, − заявіў праваабаронца. − Зараз мы распрацоўваем стратэгію гэтай кампаніі і прымаем шэраг тэрміновых мер.
Іван Стасюк быў затрыманы ўдзень 3 лютага. Актывісту патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі наконт бойкі, што адбылася вечарам 23 студзеня на перакрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце. Пазней міліцыянты прыехалі Стасюка і ядвезлі яго ў Ленінскі РАУС. Актывіст змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
− Наколькі мне вядома, Стасюк затрыманы па падазрэнні ва ўчыненні хуліганства, − патлумачыў праваабаронца. − Яго нібыта апазнаў адзін з відавочцаў канфлікту, што адбыўся вечарам 23 студзеня на перакрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава. Паводле сведкі, Стасюк браў удзел у гэтым інцыдэнце.
Праваабаронца падкрэсліў, што 30 студзеня Стасюк, як законапаслухмяны грамадзянін, прыходзіў у міліцыю па выкліку, каб даць тлумачэнні па дадзенай справе. У сувязі з тым, што ён не хаваўся ад міліцыі, яго затрыманне выглядае неапраўдана жорсткай мерай.