Берасцейская грамадская актывістка Жанна  Абрамава атрымала копію касацыйнай скаргі, якую камунальнае жыллёва-рамонтнае ўпраўленне горада Берасця накіравала ў абласны суд.

КУП ЖРЭУ абскарджвае рашэнне суда Ленінскага раёна аб адмове  іску аб высяленні Жаны Абрамавай з кватэры. Па словах юрыста-праваабаронцы Рамана Кісляка:

— КУП ЖРЭУ спасылаецца на тое, што Жана Абрамава не пражыла пяці гадоў з наймальнікам кватэры —  бабуляй —  да смерці апошняй. Пра першапачатковую прычыну – не была заключана дамова паднайма, на якую істцы спасылаліся ў заяве ў суд, у касацыйнай скарзе не  сказана ні слова. Спыненне гэтай дамовы было асноўнай прычынай, па якой ЖРЭУ хацела выселіць Абрамаву з кватэры. На мой погляд, падача касацыйнай скаргі – гэта спроба апраўдаць свае дзеянні па высяленні Жаны Абрамавай з кватэры.

Нагадаем, што КУП ЖРЭУ пачало судовую справу па высяленні з кватэры, якую ў свой час атрымалі бацькі Жаны Абрамавай, калі яны з сястрой Інгай абскардзілі сваё незаконнае затрыманне і змяшчэнне  ў ізалятар часовага ўтрымання. Пасля звяртання са скаргамі ў вышэйстаячыя інстанцыі і незадавальнення гэтых скаргаў, заявы сясцёр былі зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Ганна Васілевіч, Радыё Рацыя.

[supsystic-social-sharing id="1"]