На апошняй сесіі Камітэта па правах чалавека ААН была разгледжана заява беларускага грамадзяніна Валерыя Лук’янчыка.

Заява тычылася парушэння яго права згодна з артыкулам 25 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (парушана права быць выбраным у дзяржаўны орган – Палату прадстаўнікоў).

Камітэт прыйшоў да высновы, што ў дадзеным выпадку дзяржава не патлумачыла, якім чынам рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Лук’янчыка ўзгадняецца з патрабаваннем арт. 25 Пакта.

Зыходзячы з таго, што колькасць сябраў (62 чалавекі) ініцыятыўнай групы нават з улікам 2 чалавек, якія забралі заявы, значна перавысіла патрабуемую норму (10 чалавек), правы гэтых 2 чалавек  пасля выхаду з групы былі ўзноўлены. Не было прадстаўлена з боку дзяржавы ніякай ацэнкі суразмернасці і абгрунтаванай матывацыі адмовы Лук’янчыку ў праве выбірацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.  Выключна на аснове адсутнасці згоды дзвюх асобаў, што не супаставіма са згодай 62 чалавек на ўключэнне іх імён у спіс ініцыятыўнай групы аўтара заявы ў Камітэт. Зыходзячы з гэтых абставін, Камітэт прыйшоў да высновы, што правы Лук’янчыка былі парушаныя.

Юрыст-праваабаронца Раман Кісляк мяркуе, што прэцэдэнт створаны для недапушчэння падобных выпадкаў у будучым:

— Такіх выпадкаў вельмі шмат падчас выбарчай кампаніі. Такім чынам улада не павінна дзейнічаць, калі па фармальных прычынах адмовы некалькіх асоб ад удзелу ў ініцыятыўнай групе, адмаўляць усёй ініцыятыўнай групе.

Па словах праваабаронцы, высновы Камітэта вельмі своечасовыя.

Ганна Васілевіч, Радыя Рацыя.

[supsystic-social-sharing id="1"]