Краiны Еўразвязу распрацоўваюць сiстэму, пры якой вышэйшая адукацыя чалавека будзе ацэньвацца не толькі за веды, але i практычныя ўменні і нават вартасцi.

Адукацыйныя эксперты краін-удзельніц Балонскага працэсу, а таксама краін-суседак Еўрасаюзу ўжо цяпер працуюць над вырашэннем праблемы прызнання кваліфікацый, набытых па-за фармальнай адукацыйнай сферай.

Ідэя таго, як гэта зрабіць, палягае на перакананні, што ўся адукацыя, у тым ліку вышэйшая, мусіць вымярацца не тым, колькі заняткаў наведаў студэнт, але тым, чаму ён навучыўся. Пры чым ацэньвацца маюць не толькі веды, але і практычныя ўменні і нават вартасці. Гэта значыць, што ўсе праграмы будуць складзеныя такім чынам, каб чалавек атрымаў патрэбныя для сваёй спецыяльнасці веды ды ўмеў ужываць іх на практыцы, эфектыўна працаваць самастойна і ў групе, а таксама, каб умеў ацаніць з розных поглядаў вынік сваіх дзеянняў і рашэнняў. Пры гэтым кожная універсітэцкая праграма будзе распісаная не толькі як спіс прадметаў, але і як спіс ведаў і ўменняў, якімі маюць валодаць студэнты па яе заканчэнні.

Пры такой сістэме будзе значна прасцей прызнаваць частку кваліфікацый, якія чалавек набыў па-за універсітэцкімі сценамі. Дастаткова будзе проста ацаніць ягоныя веды і ўменні. І тады прадметы, якія вядуць да іх атрымання, ён можа не наведваць. Адпаведна доўжыцца адукацыя будзе значна меней, чым для тых, хто «пачне з нуля».

Але і гэта яшчэ не ўсё. Залічыць як частку вышэйшай адукацыі можна будзе не толькі «адукацыю з жыцця», але і, напрыклад, кваліфікацыі, набытыя ва ўстановах прафесійнай сярэдняй адукацыі, на курсах і г. д.

Пакуль большасць еўрапейскіх краін толькі распрацоўвае такую сістэму, яна ўжо даволі паспяхова працуе ў некаторых краінах. Напрыклад, у Шатландыі, дзе кожны чалавек можа падаць дакументы ў спецыяльную камісію ВНУ, каб яна разгледзела набытыя ім ці ёй кваліфікацыі і на падставе гэтага прапанавала скарочаны курс вышэйшай адукацыі. Зразумела, што людзі абіраюць звычайна універсітэт і праграму, вынікі адукацыі якой максімальна перакрыжоўваюцца з тымі ведамі і ўменнямі, якія яны ўжо маюць.

А ў Францыі кожны, хто мае любую адукацыю і/або досвед працы ў сферы інжынерыі, можа падаць дакументы ў спецыяльную незалежную камісію, якая выдае сертыфікаты, што пацвярджаюць той ці іншы ўзровень інжынерных кваліфікацый.

arche.by

[supsystic-social-sharing id="1"]