Зараз парламет абмяркоўвае магчымае скасаванне адтэрміноўкі ад арміі для студэнтаў-платнікаў. З падачы Уладзіміра Здановіча, старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага збору Беларусі платнікаў пасля заканчэння першага курсу будуць забіраць у армію.

Спадар Здановіч абгрунтоўвае сваю пазіцыю тым, што студэнты платнай формы атрымліваюць ніжэйшыя балы пры паступленні і не маюць размеркавання.Па словах Уладзіміра Здановіча, студэнты-платнікі “ў большасці выпадкаў па атрыманай спецыяльнасці не працуюць, не выяўляюць ніякай цікавасці да будучай прафесіі, частка з іх лічацца студэнтамі фармальна”. Маўляў яны паступілі ва універсітэт толькі, каб не ісці ў войска. Спадар Здановіч упэўнены, што менавіта з іх можна фарміраваць кантынгент салдатаў тэрміновай службы. Пасля арміі, абяцае Уладзімір Здановіч, будзе гарантаваны працяг навучання на ранейшых умовах там, дзе салдаты навучаліся да закліку. У перыяд службы ў войску не патрэбна будзе плаціць па крэдытах за навучанне.

Аднак прыняцце закону з’яўляецца дыскрымінацыйным крокам. Згодна Канстытуцыі Беларусі абарона сваёй дзяржавы – гэта абавязак кожнага грамадзяніна. З другога боку маем закон, які дае права адкласці “абарону” дзяржавы ў мірны час з-за навучання. А стандарты навучання як платнага, так і завочнага навучання аднолькавыя. Чаму тады студэнт-бюджэтнік можа атрымліваць адукацыю бесперапынна, а студэнт-платнік – выпадаць з адукацыйнага працэсу на год? Тым болей, што ніколі не ведаеш, якія “конікі” выкіне Міністэрства адукацыі ў наступны раз. За год можа цалкам змяніцца сітуацыя на факультэце, знікнуць спецыяльнасць, на якую паступаў абітурыентам. Вось і бачым парушэнне Канстытуцыі нашай краіны, якая сведчыць пра ахову ад дыскрымінацыі па любой прыкмеце.

Што адбудзецца ў выніку, паглядзім у канцы зімы.

moladz.org

[supsystic-social-sharing id="1"]