Многім маладым людзям здаецца, што ва універсітэтах вучацца толькі зубрылкі і ўвогуле нудныя людзі. Але гэта міф, які вельмі лёгка развеяць.

Справа ў тым, што універсітэт — гэта аж пяць гадоў неверагоднай вольнасці, якую можна скарыстаць па-рознаму. Канешне, можна з першых жа дзён абкласціся кнігамі і акрамя іх за гэтыя пяць гадоў нічога не ўбачыць.

Але вопыт паказвае, што такіх студэнтаў няшмат, можна сказаць, нават адзінкі.

Дык якія ж перавагі ад студэнцкага жыцця?

Па-першае, ў райцэнтрах, адкуль паходзяць многія студэнты, універсітэтаў няма. Гэта значыць, што трэба ехаць вучыцца ў вялікі горад.

Большасць абітурыентаў Берасцейшчыны выбіраюць ВНУ Берасця, Менска, Гародні, Баранавічаў. Паехаць вучыцца ў іншы горад — гэта значыць стаць больш незалежным, самастойным і хутчэй адаптавацца да дарослага жыцця. І паверце, забаў і цікавых заняткаў у вышэйпералічаных гарадах можна знайсці на любы густ.

Па-другое, усе ведаюць крылаты выраз “Ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела”. Гэта значыць, што самае цяжкае — перажыць два перыяды сесіі (экзаменаў) у год, а ўвесь астатні час — ТОЛЬКІ ВАШ. Ізноў жа, вам патрэбна правільна размеркаваць яго, каб не стаць раздзяўбаем альбо закончанай зубрылкай. Трымайцеся залатой сярэдзіны.

Па-трэцяе, менавіта сябры, якіх вы назапасіце падчас студэнцкага жыцця, застануцца вашымі сябрамі і надалей па жыцці. Вопыт пераконвае, што школьныя сябры ў большасці губляюцца ў віхуры жыцця. Таму важна мець не сто рублёў, а сто сяброў. Памятайце, што менавіта вашыя аднагрупнікі, аднакурснікі яшчэ не адзін раз дапамогуць вам у далейшым жыцці. Бо нехта ж з іх стане вялікім начальнікам, нехта бізнесменам, хтосьці псіхолагам, а нехта — нават вашай жонкай ці мужам. Галоўнае, з апошнім — не спяшайцеся, спачатку давучыцеся.

І самыя галоўныя парады будучым студэнтам:

— адразу па прыбыцці на месца вучобы знаёмцеся са студэнтамі аналагічнай спецыяльнасці старэйшых курсаў. Гэта вельмі важна. У іх вы разведайце, якія выкладчыкі найбольш прыдзірлівыя (іх прадметам трэба будзе ўдзяляць больш увагі), а якія не вельмі нагружаюць студэнтаў. Памятайце, што ступень цяжкасці прадмета залежыць не ад самога прадмета, а ў першую чаргу — ад выкладчыка, які яго вам дае;

— падумайце загадзя пра канспекты. Іх можна займець яшчэ зараней. Як? Ізноў жа, прыдбаць у студэнтаў старэйшых курсаў (на крайняк нават купіць). Калі вы разжывецеся канспектамі “старэйшага пакалення”, у вас будзе больш часу заняцца нечым вельмі важным на самой лекцыі (тыпу пастраляць вачыма дзяўчатам);

— галоўнае — паказаць свае веды на першых курсах, тады на старэйшых вам усё будзе давацца лягчэй, ды і выкладчыкі будуць менш прыдзірацца, калі будуць ведаць вас як разумнага студэнта.
А ў астатнім — поспехаў вам!

Павел Дайлід.

[supsystic-social-sharing id="1"]