Гурт «Без Билета» выпусціў новы рэліз. Сёння ў каманды выйшаў зборнік «Красному диску солнца». Ён даступны для вольнага спампоўвання на сайце bezbileta.net. У рэліз уключаныя 10 кампазыцый, большасць з якіх — новыя вэрсіі песен, знаёмых слухачам па альбомах «Африка» і «Кино».

«Красному диску солнца» — гэта зборнік нашых лепшых песен з апошніх двух альбомаў, да працы над якім мы падышлі творча, — кажа лідэр «Без Билета» Віталь Артыст. — Мы хочам дазволіць нашым песням жыць сваім жыццём і афіцыйна запускаем іх у глабальную сетку. Мноства людзей не маюць магчымасці набыць нашы дыскі, але цяпер яны могуць узяць іх з інтэрнэту. Сябры, няхай гэтыя песні натхняюць вас, а пасля мы даедзем да вас і выканаем іх на канцэртах. Яшчэ мне падабаецца, што інтэрнэт-пляцоўка — гэта выдатная праверка адэкватнасці нашай музыкі. Калі яна бесталентная — ніхто не стане яе пампаваць нават за бясплатна, а калі ў ёй нешта ёсць — людзі самі будуць знаходзіць яе і перадаваць адзін аднаму без умяшальніцтва мэдыя-тэхналогій».

Выпуск падобных запісаў наўздагон нумарным альбомам для «Без Билета» ўжо становіцца фірмовай традыцыяй. За «нарисована» пайшоў максі-сынгл «Поправка 22», а «Кино» быў працягнуты кампіляцыяй «Настоящая любовь».

[supsystic-social-sharing id="1"]