Берасцейскі каардынатар «Руху «За Свабоду», краязнаўца Дзяніс Турчэняк накіраваў скаргу ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У ёй ён прад’явіў прэтэнзіі да вядомага археолага, першаадкрывальніка старажытнага Берасця, галоўнаму навуковаму супрацоўніку інстытута, доктару гістарычных навук прафесару П. Лысенка і старэйшаму навуковаму супрацоўніку, кандыдату гістарычных навук Н.Дубіцкай.

Ён піша, што, паводле ліста ААТ «Брэстрэстаўрацыя» ад 10.06.2009 года, кіраўніцтву ГНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі» паведамлялася, што на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці «Комплекс фартыфікацыйных збудаванняў Брэсцкай крэпасці» пры падрыхтоўцы да здымак фільма «Брэсцкая крэпасць» створана больш 30-ці варонак дыяметрам да 3-х метраў і глыбінёй да 2-х метраў, слупковыя ямы пад драўляныя канструкцыі казармаў і моста праз раку Мухавец. Пляц выкрытага грунта — каля 200 кв. метраў.

Падчас прац ішло пашкоджанне культурнага пласта на глыбіню да 2-х метраў. Працы вяліся ў парушэнне Пастановы Рады Міністраў Рэспублікі Беларусь № 651 ад 22.05.2002 г. без узгаднення з ГНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі». Папярэдняга археалагічнага вывучэння культурнага пласта, які ўтрымоўвае матэрыяльныя сведчанні пра жыццё горада Берасця, у месцы правядзення земляных прац не было. Пры капанні варонак пашкоджаны культурны пласт на ўсю глыбіню варонак.

У сувязі з гэтым, піша Д.Турчэняк, выклікае абурэнне дакумент, які носіць назву «Заключэнне», які быў падпісаны П. Лысенка і Н.Дубіцкай. «Заключэнне» было складзена не на фірмовым бланку ГНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», а на простай паперы, адсутнічалі подпіс дырэктара інстытута, выходны нумар, дата складання дакумента. Па вуглавым штампе ўваходнага допісу ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама, які маецца на «Заключэнні», відаць, што яно зарэгістравана 17.07.2009 года.

«Паколькі я асабіста прысутнічаў на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці падчас правядзення несанкцыянаваных земляных прац і мог бачыць пашкоджанне культурнага пласта, то пацвярджаю інфармацыю, якая змяшчаецца ў лісце ААТ «Брэстрэстаўрацыя» ад 10.06.2009 года, — паведаміў актывіст. — Акрамя таго, пашкоджанне культурнага пласта на глыбіню да 2-х метраў пацвярджаецца фатаграфіямі, зробленымі брэсцкімі гісторыкамі».

У «Заключэнні» не паказана дата пачатку абследавання тэрыторыі і дата заканчэння прац. П. Лысенка і Н.Дубіцкая спасылаюцца на дамову інстытута з кінастудыяй «Беларусьфільм» на правядзенне земляных прац, аднак не прыводзяць рэквізіты дамовы, што робіць немагчымым праверку дакладнасці прадстаўленых імі звестак.

П. Лысенка і Н.Дубіцкая пацвярджаюць наяўнасць 40 ям глыбінёю да 1.5 метра і дыяметрам 3 метра, але сцвярджаюць, што «адкапанымі «варонкамі» не нанесена ніякіх пашкоджанняў культурнаму пласту з-за яго адсутнасці». Іх выснова пра адсутнасць культурнага пласта з’яўляецца ілжывай, што пацвярджаецца лістом ААТ «Брэстрэстаўрацыя» ад 10.06.2009 года (Там гаварылася: «Падчас прац ідзе пашкоджанне культурнага пласта на глыбіню да 2-х метраў. Працы вядуцца без адпаведнага ўзгаднення з Інстытутам гісторыі»).

Улічваючы Закон «Пра звароты грамадзян», каардынатар «Руху «За Свабоду» просіць кіраўніцтва Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь: паведаміць ці з’яўляецца падпісанае Лысенка і Дубіцкай «Заключэнне» афіцыйным заключэннем ГНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі» або гэта іх прыватнае заключэнне? Ён таксама просіць прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці супрацоўнікаў П.Лысенка і Н.Дубіцкую «за няпоўнасць выкладзеных фактаў і падаванне няпэўнай інфармацыі, якая спрыяла ўхіленню ад адміністрацыйнай адказнасці парушальнікаў Закона «Пра ахову гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», якія праводзілі земляныя працы без дазволу Міністэрства культуры».

krep

Паводле milinkevich.org.

Фота b-g.by.

Пераклад dzedzich.org.

[supsystic-social-sharing id="1"]