З гэтага года на філалагічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна пачнецца першы набор будучых літаратурна-рэдакцыйных супрацоўнікаў. Іх будуць рыхтаваць на спецыяльнасцях «Руская філалогія» і «Беларуская філалогія».

Самая «доўгачаканая» спецыяльнасць, пра з’яўленне якой казалі ўжо не першы год, таксама адкрыецца на філфаку. Тут пачнуць рыхтаваць будучых журналістаў па спецыялізацыі «друкаваныя СМІ». Прычым навучанне будзе весціся як на дзённым, так і на завочным аддзяленнях. Каб стаць студэнтамі гэтай прэстыжнай спецыяльнасці, абітурыенты павінны прайсці ўступныя выпрабаванні па рускай ці беларускай мове, гісторыі Беларусі і здаць унутраны іспыт «Творчасць», які складаецца з двух этапаў. На журналістыку плануецца набраць да дваццаці пяці чалавек. Навучаць будучых журналістаў будуць спецыялісты Інстытута журналістыкі БДУ і мясцовыя выкладчыкі, якія прайшлі курсы спецыяльнай перападрыхтоўкі ў галоўных ВНУ краіны.

Яшчэ адна навіна ўніверсітэта – спецыялізацыя «Матэматычныя метады і інфармацыйныя тэхналогіі ў лагістыцы» на матэматычным факультэце. Новая спецыялізацыя – «Псіхалогія сямейных адносін» з’явіцца на псіхолага-педагагічным факультэце. І на факультэце фізвыхавання – «Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць». На фізвыхаванні, праўда, ужо на завочным аддзяленні, адкрыецца таксама спецыяльнасць «Асновы лячэбнай фізкультуры», раней якая вывучалася толькі на дзённым.

Ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце цяперашні год будзе не такім ураджайным на новыя спецыяльнасці. Вельмі перспектыўны кірунак – «Экалагічны маніторынг, мэнэджмент і аўдыт» — з’явіцца на факультэце водазабеспячэння і гідрамеліярацыі. Адкрыццё гэтай спецыяльнасці напроста злучана з тым, што сёння ў Беларусі недастаткова спецыялістаў-экспертаў, здольных вызначаць нанесены прыродзе экалагічную шкоду і ў залежнасці ад гэтага ўсталёўваць памер штрафаў. Эколагі-аналітыкі – менавіта такую кваліфікацыю атрымаюць выпускнікі ВНУ. Усяго на спецыяльнасць «Экалагічны маніторынг, мэнэджмент і аўдыт» у 2010 годзе плануецца набраць адну групу. Для паступлення абітурыентам неабходна будзе прадставіць у прыёмную камісію ВНУ сертыфікаты ЦТ па беларускай (рускай) мове, матэматыцы і фізіцы.

[supsystic-social-sharing id="1"]