Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Культура

Беларуская паэтка атрымала прэстыжную прэмію

Беларуская паэтка Вальжына Морт была ўганараваная прэстыжнай амерыканскай літаратурнай стыпендыяй Фундацыі Лэннэна (2009 Lannan Literary Fellowship).

Літаратурныя прэміі Фундацыі Лэннэна (Lannan Literary Awards) — серыя ўзнагарод і стыпендый, заснаваная ў 1989 годзе, якой штогод уганароўваюцца як вядомыя, гэтак і маладыя “аўтары надзвычайных літаратурных якасцяў, якія зрабілі значны ўнёсак у ангельскамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы”.

Прэмія лічацца адной з самых фінансава прывабных у свеце. Гэтак, за апошнія 20 год узнагароды Фундацыі Лэннэна атрымалі 173 чалавекі, а агульная сума прэмій склала 13 млн даляраў. Напрыклад, у 2006 годзе памер прэмій ў галіне паэзіі, мастацкай і дакументальнай літаратуры склаў па $150 тысяч кожная. Характэрна, што фонд не прымае заяваў на ўзнагароды або стыпендыі. Кандыдаты вылучаюцца ананімна “сеткай пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, выдаўцоў і рэдактараў “, пасля чаго літаратурны камітэт фундацыі прымае канчатковае рашэнне.

Апроч Морт лаўрэаткай літаратурнай стыпендыі Фундацыі Лэннана за 2009 год стала 50-гадовая амерыканская паэтка Сара Ліндсэй.

Вальжына Морт (Мартынава) нарадзілася ў 1981 ў Мінску, дзе скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Наталлі Арсенневай (2003), лаўрэат міжнароднай літаратурнай ўзнагароды “Крышталь Віленіцы” Міжнароднага літаратурнага фестываля “Віленіца-2004” (Славенія, 2005). У 2005 годзе ў мінскім выдавецтве “Логвінаў” выйшаў яе дэбютны зборнік вершаў “Я тоненькая, як твае вейкі”.

З 2006 года Вальжына Морт жыве і працуе ў ЗША, дзе ў 2008-м у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на ангельскую мову “Factory of Tears” (“Фабрыка слёз”), названы амерыканскім друкам “першым у гісторыі беларуска-ангельскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў”. Пераклад выканалі пулітцэраўскі лаўрэат, паэт Франц Райт і ягоная жонка Элізабет Олькерс Райт. Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Нямеччыне.

Ужо пасля ад’езду за акіян Вальжына Морт стала лаўрэаткай літаратурнай прэміі Хуберта Бурды (Нямеччына, 2008) і стыпендыяльнай праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы Gaude Polonia, выйгравала стыпендыі ды магчымасць працаваць у Літаратурным калоквіюме ў Берліне і Міжнародным доме пісьменнікаў у Грацы (Аўстрыя). Яе ангельскамоўныя пераклады ўсходнееўрапейскіх паэтаў друкаваліся ў анталогіі New European Poets (Graywolf Press, 2008). Аўтарытэтнае амерыканскае літаратурнае агенцтва Blue Flower Arts называе беларуску сярод “найбольш вядомых і самых таленавітых маладых літаратараў сучаснай Амерыкі”.

Апошнім часам Вальжына Морт, якую газета The Irish Times назвала “ўзыходзячай зоркай міжнароднага паэтычнага свету”, выкладае ва ўніверсітэце Балтымару (ЗША). Яе муж, амерыканец Ёзэф Скарсэзэ – уладальнік незалежнай студыі гуказапісу.

У снежні 2009-га Морт стала першай паэткай, запрошанай для творчай працы і імпрэзаў ў культурны цэнтр Alice House ў сталіцы Трынідада і Табага Порт-оф-Спэйне.

Пры гэтым паэтка падкрэслівае: нягледзячы на тое, што выхоўвалася ў расійскамоўнай сям’і, заўсёды пісала толькі па-беларуску і для яе гэта жыццёва важна.

tut.by

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *