Аляксандра Казлянку, якога 8 лістапада затрымалі за раздачу ежы бяздомнікам, зноў выклікалі ў суд. Першае судовае паседжанне 26 лістапада скончылася тым, што суддзя накіраваў справу на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС.

Нагадаем, што 8 лістапада Аляксандр разам з сябрамі праводзіў недалёка ад Свята-Мікалаеўскай царквы, дабрачынную акцыю пад назвай «Food Not Bombs» («Ежа замест бомбаў»). Такую акцыю маладзёны ладзяць кожную нядзелю ўжо тры гады запар. Яе сутнасць — у раздачы гарачай ежы бяздомным і малазабяспечаным людзям. Але на гэты раз аднаго з удзельнікаў акцыі міласэрнасці Аляксандра Казлянку прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці па артыкуле 23.34 адміністратыўнага кодэкса – парушэнне парадка арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства альбо пікетавання. Але прысуд хлопцу так і не быў вынесены. Паколькі некаторыя факты, пазначаныя ў пратаколе, на судзе не спраўдзіліся, справу накіравалі на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС.

Міліцыянты выправілі пратакол і зноўку накіравалі ў суд. Паседжанне адбудзецца 28 снежня а 11 гадзіне ў судзе Ленінскага раёна Берасця. «Дзедзіч» заклікае ўсіх неабыякавых падтрымаць свядомага маладога чалавека, якому за дабрачыннасць пагражае штраф альбо нават арышт.

[supsystic-social-sharing id="1"]