Францыя плануе патраціць на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі €11 млрд., што паводле меркавання прэзідэнта гэтай краіны Нікаля Сарказі зробіць мясцовыя ўніверсітэты «лепшымі ў свеце».

Sarkazi

Прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі

«Наша мэта — простая. Мы хочам мець лепшыя ўніверсітэты ў свеце», — заявіў прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, адзначыўшы, што такім чынам ён збіраецца падрыхтаваць краіну да выклікаў будучыні.

Грошы на адукацыю — частка вялікага плану па інвестыцыям у стратэгічныя сферы, які мусіць зрабіць краіну больш канкурэнтаздольнай і надаць эканоміцы імпульс для росту. €35 мільярдаў пойдуць на самыя розныя праекты, пачынаючы распрацоўкай батарэй для электракараў і сканчаючы будаўніцтвам сучасных універсітэцкіх кампусаў.

Асобным артыкулам выдаткаў праходзяць лічбавая апрацоўка збораў францускіх бібліятэк і музеяў, перадае Euronews. З агульнай сумы € 8 мільярдаў пойдуць на навуковыя даследаванні.

Запланаваныя траты францускага ўраду называюць доўгам дзеля будучыні. Большую частку патрэбных грошаў улады збіраюцца заняць, піша The Wall Street Journal, бо ўжо цяпер запазычанасць Францыі складае 77.1% і да 2013 году ўзрасьце да рэкордных 91% ад ВУП.

На дадзены момант, Беларусь выдаткоўвае на ўсю адукацыю 6% ВУП (каля €2 млрд.). У 2009 годзе Францыя патраціла на адукацыйныя мэты €64.6 млрд.

Андрэй Сьмятаньнікаў, Generation.by

[supsystic-social-sharing id="1"]