Кожны чалавек, які калісьці быў студэнтам, можа шмат згадаць цікавага з асабістага жыцця.  Я хачу вам распавесці, як студэнцкае жыццё навучыла горкаму вопыту эканоміі.

Пачаць, напэўна, трэба са слоў маці, якая кожны раз, калі давала грошы на жыццё, казала: “Не раскідвай грошы, вучыся эканоміць!” Але ведаеце, гэта навука не вельмі лёгка давалася: толькі сядзеш у цягнік, пачынаюць хадзіць і прапаноўваць тавар, а цябе так і цягне набыць нешта добра разрэкламаванае.

Калі выходзіш з вагона і бачыш вялікую колькасць кіёскаў, так і думаеш: можа, набыць сабе пачку чыпсаў ці нешта да гарбаты. Ведаеце, усё цікавым здаецца, асабліва калі ты прыехаў з правінцыі ў вялікі горад. Табе хочацца ўсюды пабываць, многае пабачыць і нешта набыць.

Першыя ўрокі эканоміі мне далі гаспадары кватэры, якую я здымала ў час вучобы. Яны вучылі мяне, што нельга браць новую запалку для таго, каб падпаліць газавую пліту, а трэба браць выкарыстаную і падпальваць ад калонкі, якая знаходзілася ў другім канцы кухні. Я думаю, што пра “шчодрае” выкарыстанне вады і электрапрыбораў, якому яны мяне навучалі, будзе лішнім казаць.

Але не толькі гаспадары ведалі навуку эканоміі, а і мае старэйшыя суседкі па пакоі. Адна з іх пераконвала мяне, што пачаць эканоміць можна з малога. А малым, як высветлілася, быў праезд, які з’ядаў значную частку грошай.

Мы бралі выкарыстаны квіток і акуналі ў цёплую воду, а потым прасавалі. Квіток станавіўся прыгодным для праезду. Праўда, зараз плануюць паставіць электракампосцеры, тэхніку ўжо не падманеш.

Мая суседка эканоміла не толькі на гарадскім транспарце, але і на электрычцы. Ну, вось і я вырашыла паспрабаваць такім чынам зэканоміць. Я купіла квіток з Берасця не да Івацэвічаў, як звычайна, а да Косава-Палескага. У мяне была ўпэўненасць, што ўсё будзе добра, бо калі правяраюць квіткі, то звычайна да Бярозы. Але выйшла ўсё інакш. Першы раз праверылі квіткі ў Аранчыцах, а другі — на той станцыі, на якой па квітку я павінна была сысці. Калі кантралёры даведаліся, што я хацела “зайцам” праехаць адну станцыю, вырашылі правучыць і высадзілі мяне ў Борках. Самае цікавае тое, што ім гэта даставіла нейкае задавальненне ад сваёй працы. На станцыі нікога не было, і касса тут не працавала. Што рабіць у такой сітуацыі?

У адчаі я вырашыла ісці дахаты па шпалах. Пасля гэтага рэкламу шакаладу (калі дзяўчына цягне чамадан па рэльсах) без смеху не гляджу.

Але праз две гадзіны я неяк дайшла да родных Івацэвічаў. У мяне не было адчаю, я нават была ў захапленні, што змагла прынесці матулі свежы букет ландышаў і што выйшла са складанай сітуацыі сама.

Аднак пасля гэтага выпадку я зразумела — на дарозе лепей не эканоміць, цяпер некалькі разоў пераправяраю квіток.

Сёння студэнтам цяжэй эканоміць на транспарце, бо выгадней ездзіць на цягніку, чым на электрычцы па поўнаму квітку (ільготу ж скасавалі). А на цягнік без білета не вельмі і сядзеш.

На гэтым урокі эканоміі не скончыліся. Мне сяброўка распавяла, што можна эканоміць на прычосцы і стрыжцы, калі будзеш яе рабіць у вучаніц- цырульнікаў, інтэрнат і вучылішча якіх знаходзіліся паблізу. На самой справе для іх практыка, а для цябе — зэканомленая капейка.

Што накот ежы, то дэлікатэсамі, безумоўна, студэнты сябе не балуюць. Асноўны прадукт — бульба і макароны, а ў дадатак — маміны прысмакі. Некаторыя дзяўчаты значна на гэтым пункце эканомяць. Сярод моладзі модна ся-дзець на дыеце і заўсёды быць у форме. А некаторыя хлопцы ў студэнцкіх інтэрнатах прыстройваліся хадзіць кожны дзень есці да суседзяў, быццам бы ў госці.

Адзенне, безумоўна, не галоўнае, але і не апошняе для маладой дзяўчыны. Добра тым, у каго сёстры маюць такі ж памер, то можна адзеннем мяняцца. Але сярод нас папулярнымі былі нейкі час сэканд-хэнды. Нават там, калі ў цябе ёсць густ, ты зможаш нешта для себя знайсці.

Акрамя таго, у вялікіх гарадах у многіх магазінах вельмі распаўсюджаны акцыі, дзе тавар можна набыць танней звычайнага.

Апроч адзення, ежы і транспарту студэнту трэба траціць пэўную суму грошай на канцылярскія тавары, у першую чаргу, на сшыткі для лекцый. Некаторыя прызвычаюцца змяшчаць увесь курс у адным сшытку. Не ведаю, што яны пішуць, але сшытак не мяняецца на працягу ўсяго года. Што наконт кніг, якіх заўсёды не хапае перад сесіяй, то іх танней знайсці ў электронным варыянце ў інтэрнэце, чым аддаваць вялікія грошы за падручнікі ў кнігарнях.

Многія актыўныя студэнты на канікулах працуюць у лагерах адпачынку, ездзяць на заробкі ў замежжа.

Так ці інакш, але толькі цяпер, у часы эканамічнага крызісу, я разумею, да чаго рыхтаваліся гаспадары кватэры, дзе я жыла студэнткай, вывучаючы навуку жыццёвай эканоміі (улічваючы тое, што гэта было пару гадоў таму).

Безумоўна, грошы — гэта не галоўнае ў жыцці чалавека, але ж і не апошняе — яны даюць чалавеку ўпэўненасць у заўтрашнім дні і, самае галоўнае, — магчымасць здзейсніць запаветныя мары. Таму хай вашыя магчымасці ідуць поруч з вашымі марамі.

Вольга Вярба. «Газета для вас», Івацэвічы.

[supsystic-social-sharing id="1"]