7 снежня ў Менску адбыўся святочны канцэрт кампаніі “Будзьма беларусамі!”, прысвечаны гадавіне культурніцкага праекта. Мерапрыемства было багатае на цёплыя словы і выступы вядомых беларускіх дзеячаў.

На мерапрыемстве прысутнічалі шматлікія партнёры і ініцыятары кампаніі, сярод якіх значыцца і інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь «Дзедзіч», яго на імпрэзе прадстаўляў Павел Белавус.

Гурты «Unia», «IQ — 48», «Крамбамбуля», літаратары і барды Алесь Камоцкі, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і пісьменніца Анка Упала не толькі павіншавалі «Будзьма», але і прэзентавалі ўсім прысутным сваю па-сапраўднаму беларускую творчасць.

Рыгор Барадулін, ці, як яго назвалі вядучыя, дзядуля «Будзьмы» прысвяціў з нагоды гадавіны кампаніі свой верш, сімвалічна пачаўшы яго словамі: «Будзьма не шарахацца ў кусты…»

У антракце гасцей частавалі гарбатай і піражкамі з грыбамі ды капустай, а калектыў «Церніца» сваімі вясёлымі народнымі песнямі запрашаў танчыць. Не ўтрымалі і народныя пісьменнікі Беларусі Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін.

«Дзедзіч» таксама віншуе культурніцкую кампанію «Будзьма» з гадавінаю і жадае стаць гэтай ініцыятыве сапраўды народнай і маштабнай.

Будзьма Беларусамі!

budzma [supsystic-social-sharing id="1"]