Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

Бяроза: Свабоду палітвязням!

Моладзевыя актывісты ў рэгіёнах працягваюць праводзіць інфармацыйную кампанію ў падтрымку вязняў сумлення. Надпісы «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!» з’явіліся ў горадзе Бяроза.

Як паведамляе сайт mfront.net, інфармацыйнымі акцыямі мясцовыя актывісты «Маладога фронта» імкнуцца звярнуць увагу жыхароў горада на праблему рэпрэсій і існавання палітвязняў у Беларусі.

Нагадаем, што ў беларускіх турмах улады па-ранейшаму трымаюць палітвязняў. Гэта актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.

Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад’яўленае абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Паводле “Хартыі-97”.

biaroza

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *