Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Палітыка

Ці абароніць Леанід Козік студэнтку?

Прэсавую сакратарку «Маладога фронту» Таццяну Шапуцьку адлічылі з Белдзяржуніверсітэту. Ёй уручылі паведамленне, што яна адлічана «за парушэнне статутнай дысцыпліны».

Таццяна Шапуцька лічыць, што прычынай адлічэння стаў яе ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці краінаў Усходняга партнёрства.

Таццяна Шапуцька вучыцца на другім курсе юрыдычнага факультэту БДУ. Яе паспяховасць ў сярэднім 8 з паловай балаў.

16 і 17 лістапада дзяўчына прадстаўляла «Малады фронт» у Брусэлі на паседжанні Форуму грамадзянскай супольнасці краінаў Усходняга партнёрства. Тым часам яна даведалася, што 19 лістапада яе выклікалі на адмысловае паседжанне ў дэканат.

Таццяна распавяла пра гэта прадстаўніку Эўракамісіі Яўгеніюшу Смоляру, а той паведаміў пра магчымае адлічэнне Шапуцькі старшыні афіцыйнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Леаніду Козіку.

У адказ той заявіў, што ў выпадку адлічэньня Тацяны сам асабіста выйдзе на дэманстрацыю пратэсту ў цэнтры беларускай сталіцы.

Таццяна Шапуцька паведаміла, што аднагрупнікі яе падтрымліваюць.

«Я размаўляла з некаторымі выкладчыкамі, якія казалі, што гэта было рашэнне не дэкана і ня рэктара, а пэўных дзяржаўных структур. Ні для каго няма сумневу ў тым, што стала сапраўднай прычынай майго адлічэння.

Напярэдадні майго адлічэння намеснік дэкану казаў, што мной зацікавіліся адпаведныя дзяржаўныя структуры. Зараз буду абмяркоўваць са сваімі аднагрупнікамі і кіраўніком прафсаюзу што можна зрабіць.

Я проста так адступаць не збіраюся. Мае аднагрупнікі мяне падтрымліваюць. Я чула ад іх толькі добрыя словы.

Раней Леанід Козік казаў, што гатовы арганізаваць дэманстрацыю ў цэнтры Менску ў маю абарону. Бліжэйшым часам я запытаю ў сп. Козіка, якім чынам наша арганізацыя зможа яму дапамагчы ў арганізацыі гэтай дэманстрацыі».

Лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч паведаміў:
«Безумоўна, мы будзем бараніць Таццяну ўсімі сродкамі. Ёсць прэцэдэнты, калі змаглі дамагчыся праўды і аднавіць на вучобе студэнтаў. Гэтая сітуацыя абуральная, тым больш, што кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў абяцаў арганізаваць маніфестацыю ў яе падтрымку.

Прычынай стала яе актыўная грамадзкая дзейнасць. Удзел у форуме Ўсходняга партнёрства стаў апошняй кропляй. Натуральна, у нармальнай краіне такімі студэнтамі, як Таня Шапуцька ганарыўся б любы рэктарат».

Тэлефоны Леаніда Козіка не адказваюць і таму маладафронтаўцы пакуль не змаглі дамовіцца з кіраўніком Федэрацыі прафсаюзаў наконт правядзення маніфестацыі ў абарону правоў маладафронтаўкі ў цэнтры Менску.

Любоў Лунёва. “Радыё Свабода”.

Shapucjka

Таццяна Шапуцька чакае ад Леаніда Козіка маніфестацыі ў сваю падтрымку

Фота “Радыё Свабода”.

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *