Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Грамадства

Аляксандр Мілінкевіч пра перфоманс

Лідэр Руху “За Свабоду” каментуе пакаранне актывістаў арганізацыі “Маладая Беларусь”, якія зладзілі ў Менску перфоманс каля ўнівермага “Беларусь”, суткамі адміністрацыйнага арышту.

На думку Аляксандра Мілінкевіча, вяртанне практыкі адміністрацыйных арыштаў шкодзіць іміджу Беларусі і не будзе спрыяць наладжванню эканамічнай супрацы з ЕЗ.

− Улады заганяюць у кут самі сябе. Сярод еўрапейскіх палітыкаў няма адназначнага стаўлення да таго, якую палітыку праводзіць у дачыненні да беларускага рэжыму. Рэпрэсіі ў любым выглядзе дадуць дадатковыя аргументы прыхільнікам ізаляцыі нашай краіны. Курс на збліжэнне ЕЗ з Беларуссю, на эканамічную дапамогу з боку Захаду на мадэрнізацыю нашай гаспадаркі можа быць перагледжаны з прычыны брутальных, не апраўданых па жорсткасці дзеянняў беларускіх уладаў у дачыненні да сваіх грамадзян.

Лідэр Руху “За Свабоду” лічыць, што з боку Расіі, беларускаму кіраўніцтву не выпадае чакаць дапамогі ва ўмовах крызісу:

− У той жа час становіцца зразумела, што Расія не збіраецца ісці на саступкі, што тычыцца эканамічнага і нават палітычнага супрацоўніцтва з сённяшнімі ўладамі. Газпрам катэгарычна адмаўляецца адкласці запланаванае падвышэнне коштаў на газ (з новага году ён падвысіцца на 12%), а таксама, у якасці акцыянера “Белтрансгаза”, выказвае жаданне падвысіць тарыфы на газ для беларускіх спажыўцоў. Расея за захаванне ў наступным годзе льготных цэнаў на нафту патрабуе ад беларускага боку за бясцэнак аддаць нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Менавіта Масква навязала Беларусі Мытны саюз на ўмовах, які не адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны, − лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

Нагадаем, 2-га снежня моладзевыя актывісты зладзілі каля ўнівермага “Беларусь” перфоманс. Яны прапанавалі ўсім ахвотным кідаць яйкі ў малюнак вусатага чалавека з надпісам: “Не любіш рэжым − кінь у мяне”. Міліцыя затрымала Андрэя Кузьмінскага, Паўла Пракаповіча, Насту Машчаву і Рыгора Баброва. Пракаповіча і Баброва пакаралі 15 суткамі кожнага, Андрэя Кузьмінскага – 7 суткамі.

milinkevich.org

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *