У першым чытанні папраўкі ў выбарчае заканадаўства ўхвалены Палатай прадстаўнікоў адзінагалосна. А якія тут дэбаты, калі Сам даў адмашку? 130 паправак — гэтая лічба, паводле задумы, павінна ўразіць заходнікаў.

Не сумнявайцеся, гэта вам не Абхазія з Паўднёвай Асеціяй: праект пракруцяць аператыўна, і красавіцкія муніцыпальныя выбары пройдуць у падноўленым нарматыўна-прававым антуражы. Іншая рэч, што рэкамендацыі Еўразвязу ды АБСЕ старанна адфільтраваныя. Так, гэта саступка Еўропе. Але ўлада не страціла розум, каб рэзаць сук, на якім сядзіць.

130 паправак у выбарчае заканадаўства — гэтая лічба, паводле задумы, павінна ўразіць заходнікаў.

Каласале, бравісіма! — можа ўсклікнуць той жа сіньёр Берлусконі, які з энтузіязмам прасоўвае «прагматычны дыялог» з краінай, што яшчэ нядаўна фігуравала ў Бруселі ды Страсбургу пад кодавай назвай «апошняя дыктатура Еўропы».

Але калі разбрацца, то вялікі пакунак навацый, натуральна, не разбурыць механізм забеспячэння «элегантных перамог» дзейнай улады.

Сутнасць прэтэнзій Захаду і апазіцыі зводзілася да таго, што выбары непразрыстыя. Класічная чорная скрыня: невядома што робіцца ўсярэдзіне, а на выхадзе — нязменна трыумф Сістэмы.

Цяпер апазіцыі дадуць трохі пагуляць у цацкі на прамежкавых стадыях.

Прасцей будзе збіраць подпісы. Лягчэй вылучаць кандыдатаў ад партый: не абавязкова мець структуру ў канкрэтнай акрузе. Каліва апазіцыянераў, відаць, будуць улучаць у выбаркамы.

Піярыцца і такая навацыя, як асабістыя грашовыя фонды кандыдатаў. Але, па-першае, гранічныя памеры болей чым сціплыя. Па-другое, за кожны рубель выматаюць душу: адкуль? Замежныя спонсары — па-за законам, тутэйшыя бізнэсоўцы жартаваць з агнём баяцца.

Самае ж галоўнае — падлік галасоў. Вось тут зрухаў практычна няма. Прапанова пашырыць паўнамоцтвы назіральнікаў не прайшла. Супраць яе выступіў сам Лукашэнка: «Я не бачу тут праблемы. У нас старшыня выбарчай камісіі на месцы вырашае, каго дапускаць да падліку галасоў, а каго не дапускаць».

Застаецца практычна некранутай і дашчэнту скрытыкаваная сістэма датэрміновага галасавання (аж пяць дзён!).

Праўда, усталёўваецца квота для партый і грамадскіх арганізацый у выбарчых камісіях. Але няцяжка прадбачыць, што гэтая траціна месцаў збольшага будзе ўкамплектавана сваімі для ўлады людзьмі з лаяльных структур, гэтак званых GoNGO. Можа, з часам яшчэ і «Белую Русь» трансфармуюць у партыю.

А калі і з’явяцца ў нейкіх камісіях мікрадозы апазіцыйных прадстаўнікоў, то ці змогуць яны бачыць працэс цалкам, ад пачатку і да канца?

Гэта на Захадзе пры падліку кожны бюлетэнь дэманструецца публічна і на вачах ва ўсіх кладзецца ў той ці іншы стос. У нас жа найчасцей адбываецца нейкі схаваны ад пабочных вачэй абрад, і вярхоўны жрэц — старшыня камісіі.

«Папраўкі часткова носяць тэхнічны характар, — зазначае юрыст Сяргей Альфер. — Хаця некаторыя запатрабуюць псіхалагічнай перабудовы — як ад чыноўнікаў, людзей у камісіях, гэтак і ад партый. Думаю, новыя мясцовыя выбары будуць крыху адрознівацца ў лепшы бок. Але змены не будуць кардынальнымі».

Эксперт, аднак, мяркуе, што прынцыповая пазіцыя нават аднаго-двух чальцоў выбарчай камісіі здольная значна зменшыць імавернасць фальсіфікацый на канкрэтным участку.

Але тут трэба сказаць і пра другі бок медаля. Нават калі ўявіць сабе фантастычны варыянт: улады на мясцовых выбарах даюць апанентам карт-бланш, — дык у тых элементарна не хопіць штыкоў ды пораху, каб правесці пераможны наступ шырокім фронтам.

Дваццаць дзве з гакам тысячы акругаў апазіцыя проста не «накрые». Значыць, трэба выбіраць кірункі галоўных удараў, канцэнтраваць там сілы і каардынаваць намаганні. А вось з каардынацыяй — самі ведаеце як.

Дыялог паміж кааліцыямі нагадвае размову глухіх: кожная кліча далучыцца да свайго, вядома ж, самага правільнага адзінага спісу. У выніку можа атрымацца, як ужо не раз было: хто ў лес, а хто па дровы.

Можна тысячны раз сказаць пра памылкі ды амбіцыі тытульнай апазіцыі. Але гэта толькі дробныя дэталі пейзажу. Палітычнае поле краіны выпалена так, што хутчэй трэба здзіўляцца хоць нейкаму варушэнню, нейкім спробам перабіць пугай абух.

Аналітыкі ўжо змадэлявалі схему: мясцовым выбарам надаецца лёгкае адценне лібералізацыі, у асобныя перыферыйныя саветы трапляюць не самыя крутыя цыцэроны з апазіцыі. Еўропа ацэньвае вынікі паводле прынцыпу «фіфці-фіфці». Прагматычны дыялог з Бруселем працягваецца, і на гэтым дастаткова спрыяльным міжнародным фоне ўлада праводзіць чарговую пераможную прэзідэнцкую кампанію.

«Улады пайшлі на тыя саступкі, якія вонкава падаюцца важнымі, але не мяняюць механізму выбараў, — кажа палітолаг Валер Карбалевіч. — У вачах Еўразвязу гэта нейкі крок, і тыя еўрапейскія палітыкі, што за працяг дыялогу з Мінскам, цалкам могуць за гэтыя саступкі ўхапіцца. Сёння дыялог фактычна ідзе на ўмовах беларускіх уладаў».

Такім чынам, некалькі кропелек лібералізацыі ўпадуць на пустэльны палітычны ландшафт Беларусі. Ці прарасце штосьці — вялікае пытанне.

nn.by

[supsystic-social-sharing id="1"]