Аператар сотавай сувязі life:) адзначае высокі попыт на паслугі стандарту мабільнай сувязі і перадачы даных  3G з боку карпаратыўнага сегменту. Пра гэта паведаміла менеджэр  ЗАТ «БеСТ» Юлія Васілян.

Паводле яе слоў, высокая цікавасць адзначана з боку банкаўскай супольнасці, транспартнікаў, міліцыі, некаторых сродкаў масавай інфармацыі. «Паступае вялікая колькасць прапаноў, усе яны разглядаюцца»,   сказала Васілян.

Яна адзначыла, што з’яўленне новай тэхналогіі немінуча цягне за сабой з’яўленне новых камерцыйных прапаноў. Разам з тым часам карпаратыўныя карыстальнікі самі аказваюцца гатовымі да іх адаптацыі і выкарыстання.

Аператар life:) пачаў камерцыйную эксплуатацыю сеткі 3G 2 лістапада 2009 года. Сярод прапанаваных сэрвісаў  паслугі шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт, відэазванкі і міжнародныя відэазванкі.

Да канца гэтага года кампанія мае намер павялічыць сваю абаненцкую базу з цяперашніх 700 тысяч да мільёна, з якіх 50 тысяч складуць карыстальнікі 3G. У цэлым цікавасць абанентаў да гэтай тэхналогіі на 25 30% вышэйшая, чым прагназавалі ў кампаніі.

Цяпер тэхналогія 3G даступная жыхарам Мінска і буйных гарадоў. У найбліжэйшых планах аператара 500 базавых станцый 3G, якія забяспечваюць 3G-пакрыцце ва ўсіх гарадах з насельніцтвам больш як 50 тысяч чалавек.

Чакаецца, што паслугі 3G life:) да канца 2009 года будуць даступныя 70% насельніцтва Беларусі.

Тэхналогія 3G і ўкараненне яе сэрвісаў павысіць карыстанне інтэрнетам у Беларусі. Такую думку 25 лістапада на пасяджэнні круглага стала ў Менску выказаў генеральны дырэктар УП «Надзейныя праграмы» (TUT.BY) Юрый Зісер.

«Нельга сказаць, што гэта будзе вялікая рэвалюцыя. Гэта будзе хутчэй рэвалюцыя сацыяльная, а не тэхнічная, таму што будзе ўзрастаць выкарыстанне інтэрнета і ўсялякіх сэрвісаў. Разам з гэтым будзе пашырацца і выкарыстанне мабільнікаў», мяркуе Зісер.

Пры гэтым ён зазначыў, што скептычныя прагнозы многіх гуру ў сферы маркетынгу адносна  рыначных  перспектыў смартфонаў не апраўдваюцца. «Вопыт паказвае, што гэта не так. Людзі ўсё больш карыстаюцца менавіта мабільнымі прыстасаваннямі»,  зазначыў эксперт.

Што да парталу TUT.BY, то ён, паводле слоў яго кіраўніка, будзе развіваць розныя інтэрнет-сэрвісы і станавіцца ўсё больш мультымедыйным. «У гэтым кірунку рухаецца ўвесь свет дзякуючы тэхналогіям 3G і 4G, якія дазваляюць гэта зрабіць», зазначыў Зісер.

Разам з тым, паводле яго слоў, да выкарыстання ў паўсядзённым жыцці новых мабільных і інтэрнет-сэрвісаў людзі павінны яшчэ прызвычаіцца.

Даведка БелаПАН. Сетка 3G (Third Generation Wireless)  гэта новы ўзровень магчымасцей мабільных сетак па перадачы даных. Увядзенне новых сетак забяспечвае высокую хуткасць перадачы даных, пры якой карыстальнікі могуць прымаць на свае мабільныя тэлефоны патокавае відэа, ажыццяўляць відэазванкі, глядзець мабільнае тэлебачанне, весці высакахуткасны абмен данымі з інтэрнетам.

Паводле розных ацэнак, у Беларусі на пачатак гэтага года налічвалася больш як 3,1 млн. карыстальнікаў сеткі інтэрнет.

Закрытае акцыянернае таварыства «Беларуская сетка тэлекамунікацый» зарэгістравана 5 лістапада 2004 года. Пасля падпісання кантракта 29 ліпеня 2008 года ўвайшло ў міжнародную групу кампаній Turkcell. У канцы жніўня мінулага года Turkcell пералічыла першы плацеж у 300 млн. долараў за атрыманыя 80% акцый ЗАТ. Дадатковыя плацяжы па 100 млн. долараў будуць зробленыя 31 снежня 2009 і 2010 гадоў. Яшчэ адзін плацеж у 100 млн. долараў будзе ажыццёўлены пасля атрымання кампаніяй станоўчага гадавога даходу.

Цяпер заснавальнікамі кампаніі «Беларуская сетка тэлекамунікацый» выступаюць Turkcell Group (80%) і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі (20%).

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

3g

3G ідзе да нас!

[supsystic-social-sharing id="1"]
[]