Лідэр гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі рыхтуе да выдання падручнік па гісторыі беларускай камернай музыкі. Аўтар разлічвае, што яго падручнік выйдзе ў прыватным выдавецтве ў пачатку 2010 года.

«Гэта будзе першы падручнік па гісторыі беларускай камернай музыкі — ад грання на першабытных інструментах, знойдзеных археолагамі на тэрыторыі Беларусі, да падзей сярэдзіны XX стагоддзя», — сказаў Сасноўскі.

Па ягоных словах, беларускія навуковыя колы не могуць стварыць такі падручнік. Гісторыкі не могуць займацца беларускай музыкай, бо не маюць ведаў па мастацтвазнаўстве. А мастацтвазнаўцы не маюць ведаў па гісторыі.

Прыватны выдавец сам прапанаваў аўтару кнігі свае паслугі. «Да мяне проста звярнуўся чалавек і сказаў, што ён вельмі жадае выпусціць такую кнігу. Таму што ён будзе першы, хто выпусціць кнігу па гісторыі беларускай музыкі, якая напэўна стане падручнікам для студэнтаў. Бо такіх кніг, манаграфій проста няма. Таму яе проста змушаныя будуць выкарыстаць у Акадэміі мастацтваў, у інстытуце культуры, у іншых навучальных установах такога плану», — лічыць Сасноўскі.

Паводле «Еўрарадыё».

[supsystic-social-sharing id="1"]