Ахвяраваць на дзейнасць АРР Дзедзіч
Экалогія

У Берасцейскай вобласці тры выпадкі свінога грыпу

Еўрарадыё абзваніла берасцейскіх эпідэміёлагаў і санітарных дактароў, каб даведацца, як справы з грыпам і ВРЗ у гэтай памежнай вобласці.

18 лістапада з раніцы мы пачалі званіць у Берасцейскі занальны эпідэміялагічны цэнтр ды іншыя адказныя ўстановы з пытаннямі пра грып і вострыя рэспіраторныя захворванні. Бо надта шмат чутак ходзіць сярод брэстаўчан, і замала адкрытае інфармацыі пра стан рэчаў у вобласці, якая мяжуе з Польшчай і Ўкраінай.

Намесніца галоўнага санітарнага ўрача Берасцейскай вобласці пра грып размаўляць не захацела: “Ведаеце, сёння будзе зварот міністра аховы  здароўя да беларускага народа. На дадзены момант не дам вам інфармацыі. Мы чакаем, вы ўбачыце, што міністр  аховы здароўя скажа беларускаму  народу. Давайце  ўжо зоймемся іншай праблемай. Давайце я дам Вам якую-небудзь другую інфармацыю, якую Вы хочаце”.

Эпідэміёлаг-адміністратар Цэнтру: “Што Вы хочаце пра гэты грып? Колькі ўжо можна пра яго гаварыць, ажыятажаваць людзей?”

Еўрарадыё: “Людзі кажуць, што тут быў выпадак лёгачнай чумы, і аналіз адпраўлены ў Мінск. Гэта праўда ці не?”

Эпідэміёлаг-адміністратар: “Вы ж вы разумныя, адукаваныя людзі. Якая лёгачная чума? Гэта Вы начыталіся жоўтай прэсы з  Украіны?”

Еўрарадыё: “Не, вашая санітарка сказала. Працуе тут. Інфармацыю атрымала наўпрост”.

Эпідэміёлаг-адміністратар: “Гэта што, плёткі разводзіць? Яна гэта ў “Камсамолцы” прачытала, за суботу. Вы чыталі? Я чытала. У “таўстушцы”. Пра  лёгачную чуму. Быццам на Ўкраіне нейкае пахаванне раскапалі і заразіліся”.

Еўрарадыё: “Дзяўчына памерла, дзевятнаццаць гадоў, дзесяць дзён таму, і яе аналіз пайшоў у Мінск. Гэта праўда?”

Эпідэміёлаг-адміністратар: “Не буду каментаваць”.

Больш патлумачыў намеснік галоўнага санітарнага  ўрача па Брэсту і  раёне Вячаслаў Ракаць: “Па-мойму, у Мінску не пацвердзіўся той выпадак, калі жанчына 46 гадоў  памерла ад пнеўманіі з Кавярдзякаў. Яна  першая была. Потым было яшчэ два  хворых. Але цяпер пнеўманія павялічылася. Дык гэта з ростам эпідэміі, у нас эпідэмія вострых рэспіраторных захворванняў. Захворвальнасць у пяць разоў большая за норму. Пік быў 7-8 лістапада, 1 605, потым 1 720 выпадкаў, а тут ужо толькі 700 у дзень. З іх грыпа каля 10%, 217 выпадкаў у дзень. Цяпер пайшоў на спад. А свінога з гэтай колькасці было тры выпадкі. На сёння не ведаю”.

Пад канец дня ўдалося выйсці па тэлефоне на Генадзя Радчанку, галоўнага санітарнага ўрача па Брэсту і раёне: “У нас інфармацыя па свіным грыпе яшчэ апрацоўваецца, таму сказаць не магу. Аналізы былі дасланыя на праверку ў Мінск — ніводны не пацвердзіўся”.

www.euroradio.fm

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *