Аляксандр Мілінкевіч з групай беларускіх палітыкаў па запрашэнню Ежы Бузэка наведвае Брусель.

У Еўрапейскі парламент, акрамя лідэра Руху “За Свабоду”, запрошаны старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня БХД Павал Севярынец, намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч, дэпутат ВС ХІІІ склікання Андрэй Клімаў і памочнік Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец.

Падчас візіту запланаваныя сустрэчы са старшынёй Еўрапарламента Ежы Бузекам, знаёмства з новым складам агульнаеўрапейскага заканадаўчага органу, кансультацыі з кіраўніцтвам фракцыі Еўрапейскай Народнай Партыі ў ЕП, дэлегацыяй Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, а таксама з дэпутатамі, якія будуць прадстаўляць ЕП у парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства Euronest.

Аляксандр Мілінкевіч праінфармуе еўрапейскіх палітыкаў пра вынікі правядзення Беларускага Еўрапейскага Форуму і пра далейшыя планы дзейнасці Беларускага незалежніцкага блоку. Беларуская дэлегацыя паведаміць еўрадэпутатам пра палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі. Плануецца таксама абмеркаванне ўдзелу беларускіх дэмакратычных сілаў у Euronest.

milinkevich.org

[supsystic-social-sharing id="1"]