Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч заявіў аб гатоўнасці ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2011 года.

Выступаючы на Беларускім еўрапейскім форуме, які адбыўся ў Мінску 14 лістапада, палітык падкрэсліў, што з’яўляецца праціўнікам байкоту выбараў. «Калі мы не ідзем на выбары, то пазбаўляем людзей надзеі, пазбаўляем іх выбару і заганяем у яшчэ большую дэпрэсію, таму на выбары ісці трэба», — лічыць Мілінкевіч.

«У дачыненні да мясцовых выбараў я таксама не прыхільнік байкоту, — адзначыў ён. — На іх трэба ісці адной камандай з блізкімі лозунгамі: незалежнасць, дэмакратыя і еўрапейскасць«.

Мілінкевіч заявіў, што цяперашні форум — гэта не пачатак яго перадвыбарнай кампаніі, але спосаб высветліць, на што можа абапірацца праеўрапейскі кандыдат. Палітык не бачыць праблемы ў тым, што апазіцыя можа вылучыць на прэзідэнцкіх выбарах некалькі кандыдатаў.

— Беларускі незалежніцкі блок, які мы стварылі, і правядзенне гэтага форуму — гэта толькі правобраз будучай кааліцыі, — сказаў Мілінкевіч. — Магчыма, ён вылучыць свайго кандыдата ў прэзідэнты, і, хутчэй за ўсё, кандыдат ад гэтага блока будзе. Канечне, аб’яднанне палітыкі вельмі важна, аднак я не магу ўдзельнічаць у выбарчым блоку, у якім аб’яднаны партыі процілеглых поглядаў.

Паводле слоў Мілінкевіча, калі ён быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі ў 2006 годзе, то адчуваў вялікі дыскамфорт, калі ў яго запытвалі, у якім кірунку будзе развівацца Беларусь. «Я павінен быў агучыць свае погляды наконт еўрапейскага развіцця краіны і пры гэтым не пакрыўдзіць камуністаў, якія ўваходзілі ў блок і якія адстойвалі ідэі інтэграцыі з Расіяй», — адзначыў палітык. Таму, падкрэсліў ён, БНБ зараз аб’ядноўвае людзей адзіных поглядаў. «І калі мы будзем шчырымі, то заваюем сімпатыі людзей», — сказаў Мілінкевіч.

Лідэр руху «За Свабоду» выказаўся за дыялог з уладамі. «Палітыка ізаляцыі сябе не апраўдала. Я лічу, што любое пашырэнне кантактаў Беларусі і Еўропы, ці то на ўзроўні ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, ці то персанальных кантактаў, дае штуршок Беларусі ў Еўропу», — заявіў Мілінкевіч.

«Мы за дыялог з уладай, палітычны і эканамічны, але толькі з цвёрдымі ўмовамі аб дэмакратызацыі Беларусі, — падкрэсліў палітык. — Мы ўхваляем, калі ўлада пашырае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, але мы ніколі не будзем таргавацца з уладай наконт палітычных, эканамічных і іншых свабод».

Пры гэтым Мілінкевіч адзначыў, што збліжэнне з Еўрасаюзам ніяк не перашкодзіць супрацоўніцтву Беларусі і Расіі. «Мы павінны мець з Расіяй адкрытыя, шчырыя і ўзаемавыгадныя адносіны», — сказаў ён.

Сяргей Пульша, БелаПАН.


Прамова Аляксандра Мілінкевіча на Беларускім Еўрапейскім Форуме:

Шаноўныя дэлегаты! Дарагія госці! Паважаныя аднадумцы!

Беларусь стаіць перад новым этапам свайго развіцця. Перад нацыяй адкрыліся новыя перспектывы. Унікальныя перспектывы. Незалежнае грамадства павінна вызначыць кірункі руху і ўзначаліць гэты рух.

Наша нацыя стварыла дзяржаўнасць. Мы не дапусцілі адраджэння СССР. Былі закладзеныя асновы канкурэнтнай эканомікі. Мы не дапусцілі аднаўлення савецкай сістэмы.

Гэта ўсё не само сабой зрабілася. За гэтым стаяць высілкі тысяч людзей. Розум і ахвярнасць вас — тых, хто сабраўся ў гэтай зале.

За намі была міжнародная салідарнасць. Але, галоўнае, за намі магутная народная падтрымка. У ключавыя моманты найноўшай гісторыі, калі стаяла пытанне пра незалежнасць, беларуская нацыя выяўляла сваю волю на вуліцах.

У 1991 годзе, пасля ў 1996-м, у 1999-м і ў 2006-м дзесяткі тысяч людзей паказалі, за што яны. Наша нацыя ўсвядоміла: пры патрэбе масава выходзіць на вуліцы.

Па меры таго, як людзі атрасаюць з сябе страх, татальную залежнасць ад улады, па меры таго, як яны знаёмяцца з жыццём іншых краін, з прыходам інтэрнэту амаль ў кожную хату, палітычныя паводзіны грамадзян будуць таксама мяняцца.

З кожным годам беларусы будуць патрабаваць большага кантролю над уладай, большых правоў і свабод, большай павагі да сябе і свайго нацыянальнага «я». Мы будзем падтрымліваць людзей у гэтых патрабаваннях. Мы павінны надаць гэтаму руху арганізацыйную форму.

Трэба зрабіць так, каб нацыя нарэшце сказала сваё вырашальнае слова. І яна яго скажа.

Нацыі трэба даць арыенцір — куды мы прапануем краіне рухацца?

Наш адказ просты: Беларусь — у Еўропу!

Тут, у Еўропе, яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі была ўпершыню сфармуляваная думка аб роўнасці ўсіх людзей перад Богам і перад Законам. Тут Оруэл і Попер паставілі дыягназ таталітарным дзяржавам, якія знішчаюць асобу. Тут вуснамі Яна Паўла ІІ былі сказаны высокія словы аб недапушчальнасці рэлігійнага і палітычнага экстрэмізму і прыгнёту.

Саветы разарвалі сувязі беларусаў з Еўропай. Аднак за апошнія гады мільёнамі тонкіх нітачак ізноў нашы лёсы пачалі звязвацца.

Беларусы зноў пачалі параўноўваць сябе з еўрапейцамі.

Пасля Чарнобыля больш за мільён дзяцей пабывалі ў Еўропе на аздараўленні. Яны знайшлі там цяпло і сяброў. Мы шчыра ўдзячныя ўсім тым еўрапейцам, якія памагалі нашым дзеткам.

200 тысяч ветэранаў вайны і вывезеных на прымусовыя працы атрымалі дапамогу па лініі фонду «Ўзаемаразуменне і прымірэнне». Гэтыя грошы, канечне, нішто ў параўнанні з пакутамі народа ў вайну, але важныя як знак, як рука дружбы.

Нашы пенсіянеры ўжо таксама ведаюць, што можна жыць інакш. Сёння сярэдняя пенсія ў Беларусі складае 150 долараў ЗША, а ў суседняй Польшчы — 500 еўра.

Прыхарошаная статыстыка хавае рэальны стан беларускай эканомікі. А многія ж людзі бядуюць. Стаўка медсястры — 450 тысяч. Рабочы льнозавода — 300 тысяч. Настаўнік, аснова грамадства — 500 тысяч.

Больш за 600 тысяч чалавек штогод нелегальна працуе за межамі Беларусі. З іх 200 тысяч — у Еўрапейскім Саюзе.

Няма афіцыйнай статыстыкі, колькі маладых грамадзян нашай краіны атрымліваюць адукацыю за яе межамі, бо не могуць самарэалізавацца ў Беларусі. Іх тысячы. На жаль, многія з іх з’язджаюць, каб не вярнуцца. Мы губляем патэнцыял нацыі.

Паглядзім на вынікі сацыялагічных апытанняў. Кожны трэці беларус падтрымлівае ідэю ўваходжання краіны ў Еўрасаюз. І толькі тры працэнты — у склад Расійскай Федэрацыі.

Значыць, беларусы хочуць жыць, як еўрапейскі народ.

Стагоддзямі мы працавалі разам з украінцамі, палякамі, літоўцамі, разам баранілі свае свабоды, межы і эканамічныя інтарэсы. А цяпер палякі і літоўцы пайшлі наперад, у адкрытую прастору Вялікай Еўропы з яе вялікімі магчымасцямі — а мы?

Чаму гэтыя народы прайшлі свой шлях, а мы затрымаліся? Пра гэта трэба спытаць у улады.

Я хачу падкрэсліць неразрыўнасць трох элементаў. Без права на свабодны выбар, без разняволення грамадзянаў на ўсіх узроўнях мы не зможам заняць раўнапраўнае месца сярод еўрапейскіх дзяржаў. У той жа час толькі інтэграцыя Беларусі ў Еўропу здольная забяспечыць паўнавартае эканамічнае развіццё, якога мы хочам. І толькі інтэграцыя ў Еўропу здольная гарантаваць бяспеку нашай краіны.

Пераходны перыяд можа быць. Але ў цэлым, калі сцісла: без свабоды і дэмакратыі не будзе еўраінтэграцыі. Без еўраінтэграцыі не будзе дабрабыту і абароненасці.

Мы ад ЕС нікуды не дзенемся, маючы яго на трох межах. Проста ці мы будзем побач ЕС, ці ў складзе ЕС. Рэальнасць жорсткая. Хто застанецца за ўсходняй мяжой аб’яднанай Еўропы, застанецца сыравінным дадаткам да Еўразвяза. Будзе бензінавым шлангам, груба кажучы. Хто будзе сябрам ЕС, будзе як унутры сучаснай машыны.

Гаворачы пра значэнне інтэграцыі з ЕС для абароненасці, я разумею як ўнутраны правапарадак, так і замежнапалітычнае забеспячэнне спакойнага жыцця.

Умацаванне дэмакратыі не азначае аслабленне законнасці і правапарадку.

Наадварот, правапарадак у еўрапейскіх краінах падтрымліваецца на найвышэйшым узроўні. Афіцэры войскаў, міліцыі і спецслужбаў у еўрапейскіх краінах зарабляюць нашмат больш, чым іх беларускія калегі. І ўпэўненасць, якасць іх жыцця непараўнальная. Расходы на абарону, расходы на дзейнасць структураў аховы парадку ў Беларусі трэба прыводзіць да еўрапейскіх стандартаў. Гэта адзін з ключоў да дэмакратычнай эвалюцыі.

Свабода будзе выгадная ўсім, нават тым, хто яе цяпер баіцца і змагаецца супраць яе.

Зарабіць на годнае жыццё можна, і не прадаючы свабоду!

Ці азначае наш арыенцір на Еўропу тое, што мы прапаноўваем іншы варыянт самаізаляцыі? На шкоду нашым кантактам з нашым стратэгічным партнёрам Расіяй? Не! Беларусь павінна быць адкрытай для шырокага замежнапалітычнага дыялога з любой краінай свету з любога рэгіёну. Гэта натуральнае права свабоднай суверэннай дэмакратычнай дзяржавы.

Толькі багатая, эканамічна развітая Беларусь зможа забяспечыць сабе незалежнасць. Вось чаму мы будзем падтрымліваць крокі дзеючага беларускага ўрада па прывядзенні эканомікі да еўрапейскіх стандартаў.

Адначасова мы будзем цвёрда змагацца з рэжымам за кожны лапік свабоды. Не можа быць устойлівага развіцця без свабоды.

Будучыня беларускай эканомікі — у прарыве на рынак ЕС. Невыпадкова міністэрствы сталі ў чаргу па еўрапейскія інвестыцыі, а Нацбанк гатовы пакорна прытрымлівацца рэкамендацый Міжнароднага валютнага фонду, які ўчора яшчэ быў анафемай.

Крызіс падштурхнуў кіраўніцтва краіны да Еўропы — але не да дэмакратыі. Беларусь яшчэ не зрабіла галоўнага кроку насустрач Еўропе — пераменаў у палітычнай сістэме.

Нядаўна на беларуска-нямецкім форуме Уладзімір Макей сказаў: што «ўпэўненыя крокі павінны рабіцца няспешна». Нібыта і нашы продкі ў свой час падобна фармулявалі аснову беларускага кансерватызму: «Старыны не рушыць, навіны не ўводзіць». Аднак ёсць адзін нюанс. Гэтая формула — «Старыны не рушыць, навіны не ўводзіць» — адносілася да захавання старых вольнасцяў і правоў. Яе згадвалі, калі ўзнікала пагроза тыраніі.

Перажыткі саветчыны трэба ліквідаваць рашуча. Каб Беларусь увайшла ў Еўрасаюз, каб Беларусь ператварылася ў тэхналагічна і сацыяльна перадавую краіну, патрэбна воля да пераменаў.

Паплечнікі мае! Аднадумцы! Мы маем такую волю.

Наша вялікае дасягненне, што мы згуртаваліся ў адзін Беларускі Незалежніцкі Блок, бо незалежнасць для нас абсалютная каштоўнасць.

Рух за Свабоду будзе рухавіком пераменаў і платформай для дыялогу з грамадствам.

Народны Фронт прынёс вялікую традыцыю палітычнай барацьбы і беларускага адраджэння.

Хрысціянская Дэмакратыя ўмацоўвае павагу да агульначалавечых і сямейных каштоўнасцяў.

«Малады фронт» вытрымаў самыя суровыя рэпрэсіі. Ад яго ў нас будзе нязломнасць.

І «Правы альянс» дае загартоўку духа.

«Маладая Беларусь» і Маладыя дэмакраты» самой назвай мабілізуюць.

Рух салідарнасці «Разам» будзе спрыяць самаарганізацыі тых, каму ёсць што абараняць.

Гэта яшчэ не ўсе. Іншыя далучацца, калі пабачаць нашы прынцыпы. Мы чакаем вас. Мы абавязаны быць разам!

Цяпер пра адносіны Еўрасаюза і нашай краіны.

Калі мы бачым, што ў чымсьці ёсць нацыянальны інтарэс, мы павінны яго ўпарта адстойваць.

Прывяду прыклад з нядаўняй гісторыі. Яшчэ 10 гадоў назад большасць грамадзян выступала за аднаўленне СССР. Гэтая большасць памылялася. Яна выступала за стварэнне гібельнае для будучыні беларускае эканомікі, гібельнае для беларускае ідэнтычнасці саюзнае дзяржавы з Расіяй. Мы адкрыта выступалі супраць. Мы не дапусцілі аднаўлення СССР. Прайшло 10 гадоў. Хто цяпер з намі не пагодзіцца? Усе пагаджаюцца. Не будзем жа баяцца адстойваць стратэгічна важныя для нацыі рашэнні і зараз.

Палітыка ізаляцыі рэжыму не апраўдала сябе. Ізалююць рэжым, але калі ізаляцыя доўгая, то ў выніку ў яе трапляе народ.

Мы — катэгарычна супраць гэтага. Любое пашырэнне кантактаў з Еўропай ідзе ў доўгачасавым плане на карысць. А ізаляцыя не пакідае рэжыму выбару і кідае нас у поўную залежнасць ад Расіі.

Наша мэта — дамагчыся незваротных пераменаў не толькі ў эканамічным курсе Беларусі, але і ў дзейнасці ўсіх дзяржаўных інстытутаў. З такімі крытэрамі мы падыходзім і да пазіцыі нашых еўрапейскіх партнёраў у іх дыялогу з афіцыйным Мінскам.

Цяпер пра выбары.

На любых сумленных выбарах мы перамаглі б. На любых.

Але для рэалізацыі права на выбары трэба змагацца. Трэба паслядоўна выкарыстоўваць кожную магчымасць для размовы з людзьмі. Трэба дабівацца пераменаў у свядомасці.

Таму я — праціўнік байкотаў. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыма пасіўны няўдзел павышае шансы на прызнанне выбараў легітымнымі.

Разумеючы ўсе існуючыя праблемы з выбарамі, рэальнымі паўнамоцтвамі мясцовых дэпутатаў, я глыбока перакананы, што мясцовыя выбары ні ў якім выпадку нельга ігнараваць. У спалучэнні з вострымі лакальнымі праблемамі таго ці іншага рэгіёна нашымі лозунгамі на выбары застаюцца «Незалежнасць! Дэмакратыя! Еўрапейскасць!»

Мы абаранялі кожнага, хто пацярпеў у барацьбе. Мы арганізавалі навучанне для рэпрэсаваных студэнтаў. Мы далі дапамогу пацярпелым. Мы ладзілі канцэрты забароненых музыкаў. Запрацавалі «Белсат» і новыя радыёстанцыі. Там, дзе ўлады зачынялі газеты, мы адкрывалі інтэрнэт-сайты. Мы ў меру нашых магчымасцяў дапамагалі кожнай спробе людзей самаарганізавацца. У нас не было на тое вялікіх грошай. Затое была салідарнасць.

Я асабіста імкнуўся не прапусціць ніводнага суда. Я пабываў у васьмідзесяці гарадах Беларусі.

Гэта дае мне маральнае права быць лідэрам незалежнага грамадства і я ім буду незалежна ад выбараў.

Усё тое, што мы рабілі, мы будзем рабіць да перамогі.

Удзел у прэзідэнцкай гонцы для мяне і для нас не самамэта. Калі з’явіцца рэальны кандыдат, здольны пераканаць у сваёй шчырасці і сваёй праграме ўсё грамадства, здольны аб’яднаць вакол сябе рэальна існуючыя дэмакратычныя сілы — гэта значыць, дэмакратычны рэгіянальны актыў перш за ўсё, а не толькі сталічную тусоўку — мы і я падтрымаем такога кандыдата і будзем працаваць з ім у той якасці, у якой спатрэбіцца.

Калі на выбары пойдзем, пойдзем для перамогі. У 2006-м было пякельна цяжка, і то працавалі на перамогу. Тады мы перамаглі страх. Такога страху, які быў перад Плошчай, больш не будзе. У 2011-м будзе лягчэй. Рэжым аслаб. Яго падтачыла эрозія. Тыя, хто раней рэжым будавалі, цяпер самі зразумелі: сістэму пара мяняць.

Мы не дапусцілі развалу і дэзарганізацыі апазіцыі, калі лідэры сыходзілі адразу пасля выбараў ці з’язджалі за мяжу.

Я, Мілінкевіч, тут, з вамі. Я прайшоў з вамі ўвесь шлях. З вамі быў на Плошчы ў 2006-м. З вамі сядзеў у турме на Акрэсціна.

Але давайце не абсалютызаваць асобу. Давайце абсалютызаваць супольнасць. Нашу грамадзянскую супольнасць.

Даверыць нацыя незалежнаму грамадству прывесці Беларусь у Еўрасаюз — даверыць і Мілінкевічу.

Я здольны прывесці Беларусь у Еўрасаюз.

Я буду рыхтавацца да выбараў. Мы, Беларускі Незалежніцкі Блок, будзем да іх гатовыя. Павінна быць агучаная ясная альтэрнатыва цяперашняму аўтарытарнаму курсу. Гэта — свабодная, дэмакратычная, еўрапейская Беларусь. Еўрапейская ў штодзённай рэальнасці. Тая, за якую мы гатовыя змагацца. Якую мы хочам пакінуць нашым дзецям.

Мы выправім гэтую трагедыю нацыянальнай гісторыі, што Беларусь была вырваная з еўрапейскага кантэксту.

Беларусь стане квітнеючай еўрапейскай краінай.

Я гляджу ў вашы вочы і бачу: стане.

Беларусь у Еўропу! Жыве Беларусь!

Аляксандр Мілінкевіч, 14 лістапада, Мінск

Milinkevicz2

Аляксандр Мілінкевіч на Еўрафоруме

Milinkevicz3

Аляксандр Мілінкевіч на Еўрафоруме

Фота Юліі Дарашкевіч.

[supsystic-social-sharing id="1"]