Унікальная выстава робатаў у Выставачнай залі на вуліцы Савецкай у Берасці дажывае свае апошнія дні. Таму калі вы яшчэ не паспелі на яе завітаць – не выпусціце шанец. Тым больш, каб атрымаць асалоду ад гэтай выставы, неабавязкова быць радыётэхнікам альбо любіць космас і фантастыку.

Значная частка робатаў, прадстаўленых на выставе, – быццам жывыя людзі – настаўніца, піяністка, бубнач, кантрабасістка, ваяр, оптык, афіцыянт, закаханыя, дама з сабачкай, дзяўчына з кветкай, штангіст, а таксама іншыя жывыя істоты, вобразы, з’явы і прадметы. Некаторыя робаты нават размаўляюць і рухаюцца…

Вытворчасцю робатаў радыётэхнік і архітэктар па адукацыі берасцеец Аляксандр Гадун займаецца ўжо пяць год. Сёняшняя выстава – першая буйная выстава аўтара і налічвае 70 экспанатаў. Космасам і фантастыкай Аляксандр зацікавіўся яшчэ ў дзяцінстве. Маляваў робатаў, чытаў шмат фантастычнай літаратуры. Свайго першага робата зрабіў пасля інстытута. Потым другога, трэцяга… З цягам часу нарадзілася ідэя зарганізаваць выставу. Праўда, месца ў выставачнай залі Аляксандр чакаў паўтары гады. Залю, на шчасце, далі бясплатна, але ж уся выручка ад прададзеных квіткоў пойдзе не на карысць аўтара. Арганізацыя выставы таксама цалкам лягла на плечы майстра. Аляксандр сам рабіў рэкламу, сам яе развешваў і разносіў. На жаль, такі лёс на сёняшні дзень прыгатаваны амаль кожнаму творчаму чалавеку на Беларусі.

Аляксандр робіць робатаў пры дапамозе спецыяльнага пісталета, у якасці матэр’ялаў выкарыстоўвае ўсе прадметы, якія толькі можна сабе ўявіць, – балты, гайкі, радыёдэталі, мікрасхемы, пластыкавыя бутэлькі, акуляры, лямпачкі, фены і нават цэлыя факсы, прынтэры, мікрахвалёвыя печы, тэлевізары і кампутары.

Па словах Аляксандра, яго робаты прыносяць наведвальнікам радасць. Асабліва дзецям. Што датычыцца дарослых, нават тыя з іх, хто спачатку маюць даволі скептычны выраз твару, сыходзяць з выставы задаволеныя, усміхаюцца. “Я так паглядзеў, – кажа Аляксандр Гадун, – у нас мала апошнім часам адбываецца вясёлага і цікавага, а мае робаты для людзей – як хваля свежага паветра”.

[supsystic-social-sharing id="1"]

Каментарыi

Дадаць каментарый